Беларусь развіталася з піяністам і кампазітарам Юрыем Бліновым
Сёння Беларусь развіталася з сусветна вядомым піяністам і кампазітарам Юрыем Бліновым.
У Беларусі імя гэтага таленавітага чалавека вядомае роўна і спартоўцам: Бліноў быў прыхільнікам спорту і гарачым заўзятарам, спонсарам і сузаснавальнікам новага футбольнага клубу “Крумкачы”, а да таго заўзятым аматарам бегу. Апошняй дыстанцыяй у жыцці знакамітага беларуса стаў паўмарафон ў Гомлі. Там, 21 красавіка, за некалькі метраў да фінішу, сэрца Юрыя спынілася. Яму было 43 гады. Гаворыць музыколаг, наша рэдакцыйная калега Ганна Комінч:
– На сваёй малой радзіме ў Драгічыне Юрый Бліноў заснаваў фартэпіянны конкурс “Палесскі агеньчык”. Асабліва трэба адзначыць, што Юрый апекаваўся маладымі талентамі і пасля кокурсу. Пра тое, што адораным дзецям трэба дапамагаць, піяніст ведаў па асабістым досьведзе. Першыя сцэнічныя посьпехі прыпалі на час навучання ў школе. Фестывалі дапамаглі атрымаць не толькі новыя ўражанні, але і досьвед. І адзін з фестываляў у Санкт-Пецярбургу стаў для Юрыя сапраўднай пуцёўкай у жыццё. Потым былі гастролі, кокурсы ў краінах СНД, Еўропы, Кітаі, Японіі і ЗША. У ЗША нават жыў 10 год. Там прайшоў стажыроўку, атрымаўшы супень доктара музычных мастацтваў. А ў 2006 годзе ён, першы з беларускіх піяністаў, выступіў там у легендарным Карнэгі-холе. Доўгае жыццё за мяжой не зрабіла з Юрыя Блінова касмапаліта. Ён казаў, што заўсёды адчувае сябе беларусам, а нават палешуком. У беларускую сталіцу ён вярнуўся па поклічу сэрца. Тут ён працаваў у філармоніі Акадэміі музыкі – сваёй альма-матар. Тут жыў разам са сваёй сям’ёй і марыў, што калі сын падрасце, будуць бегаць разам.
Сёння сябры, знаемыя і прыхільнікі творчасці Юрыя Блінова развіталіся з ім.
Свой апошні прытулак піяніст знайшоў ў Беларусі. Яго пахавалі на Чыжоўскіх могілках у Менску.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота euroradio.fm і mlyn.by