Беларусь развіталася з Паўлам Шараметам
У храме Усіх Святых у Менску (вул. Каліноўскага, 121) прайшла цырымонія развітання з беларускім журналістам Паўлам Шараметам, забітым ў Кіеве 20 ліпеня.
А 14:00 развітанне у храме завершылася і машына з целам Паўла Шарамета накіравалася на Паўночныя могілкі Менска, дзе адбылося пахаванне журналіста.
Калі труну з целам Паўла Шарамета пачалі выносіць з царквы, прысутныя пачалі спяваць «Магутны божа».
Як толькі труну загрузілі ў машыну, людзі запляскалі ў далоні і не спыняліся хвілін пяць, паказваючы такім чынам павагу — у апошні шлях пад апладысменты.
На грамадзскае развітанне прыйшло мноства людзей, журналістаў, прадстаўнікі амбасадаў, палітыкі, грамадскія дзеячы сярод якіх між іншымі быў і Уладзімір Някляеў:
— На развітанні утварылася чарга з сотняў людзей, колькасць якіх не менела. Многа журналістаў, у тым ліку замежных, палітыкаў, але большасць — простыя людзі. Тыя людзі, якія падзялялі пазіцыі і прынцыпы, па якіх жыў Павел Шарамет.
Вялікія колькасць міліцыянераў і людзей у штацкім, назірала за працэсам развітання з беларускім журналістам, аднак не ўмешвалася.
***
Ужо ў першую гадзіну развітання мноства людзей прыйшлі з кветкамі і гэты паток не спыняецца. Людзей становіцца усё болей.
Да 12-й гадзіны тых, хто прыйшоў развітацца, было ўжо каля тысячы. Ахова паводзіць сябе спакойна, нікога не абшуквае.
Журналістаў з тэхнікай ў памяшканне, дзе стаіць труна, не пускаюць. Ля труны з целам Шарамета — грамадзянская жонка Паўла Алена Прытула, украінскі журналіст і дэпутат Мустафа Наем, супрацоўнікі амерыканскай амбасады. Паведамляе „Наша Ніва„.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: „Наша Ніва”, Радыё Свабода