Беларусь рыхтуецца да справаздачы ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
Беларусь актыўна рыхтуецца да справаздачы ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю. Там дзяржава павінна прадэманстраваць, як у яе атрымалася імплементаваць Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, якую яна прыняла ў 2016 годзе. Да гэтага працэса далучаюцца і грамадзянскія арганізацыі, якія прадстаўляюць альтэрнатыўны даклад. Дзеля гэтага была створана кааліцыя буйных арганізацый, сярод якіх – Офіс па правах людзей з інваліднасцю.
Кажа яго дырэктар Cяргей Драздоўскі:
– Сёння ў кааліцыі самыя вялікія арганізацыі краіны, гэта і Беларускае таварыства інвалідаў па зроку і па слыху, і Асацыяцыя дапамогі дзецям інвалідам, Беларускае таварыства інвалідаў-вазочнікаў. Канешне, вельмі слабы голас у цэлага шэрагу людзей з асаблівасцямі псіхічнага здароўя, асаблівасцямі ментальнага здароўя.
Каб улічыць патрабаванні як мага больш супольнасцяў з інваліднасцю, кааліцыя запрашае далучыцца да яе, каб папрацаваць над альтэрнатыўным дакладам і такім чынам паказаць, наколькі дзяржавай выконваюцца нормы Канвенцыі. Сярод тэмаў, на якія кааліцыя ўжо звярнула ўвагу (і якія адрозніваюцца ад дзяржаўнага погляду) – гэта неабходнасць забяспячэння праваздольнасці людзей з інваліднасцю, інклюзіўнай адукацыяй, а таксама магчымасці чалавека з інваліднасцю прымаць непасрэдны ўдзел у размеркаванні дзяржаўных грошаў:
– Сёння Беларусь выдатковае на сацыяльную абарону добрую частку свайго бюджэту. А гэтыя грошы добра было б пусціць не на ўстановы дзяржаўныя, а каб самі людзі вырашалі, дзе і куды гэтыя грошы накіраваць.
Сяргей Драздоўскі разам з прадстаўніком Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаілам Антаненка ўжо наведалі 22-ю сесію Камітэту па правах людзей з інваліднасцю, каб паназіраць за працэсам прадастаўлення справаздач іншымі краінамі. Як адзначае Драздоўскі, гэты досвед будзе вельмі карысным падчас падрыхтоўкі альтэрнатыўнай справаздачы для Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя