Беларусь створыць яшчэ адну заставу на мяжы з Украінай



У 2020 годзе Беларусь сфармуе яшчэ адну заставу на мяжы з Украінай. Пра гэта 17 лютага ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміў старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёлета нам трэба будзе сфармаваць яшчэ дзве манеўраныя групы і пагранічную заставу ў населеным пункце Дзяражычы (Лоеўскі раён Гомельскай вобласці. – БелаПАН.)», – сказаў ён.

Лапо адзначыў, што ў 2019 годзе было створана шэсць мабільных груп і ўведзеныя ў строй дзве памежныя заставы на ўкраінскім напрамку, а таксама ў Полацку і Гародні.

Летась на беларускай мяжы было абсталявана каля 60 новых рубяжоў аховы з пагранічнымі дарогамі і кантрольна-следавай паласой. З’явілася больш за 90 км загарод для аснашчэння сігналізацыйным абсталяваннем. 97 км мяжы пакрытыя сігналізацыйнымі комплексамі. Агульная працягласць сігналізацыйнага прыкрыцця мяжы складае каля 610 км.

БелаПАН