Беларусь святкуе Дзень Перамогі
Святочныя мерапрыемствы пройдуць сёння па ўсёй краіне. Цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў Менску з удзелам вышэйшых службовых асоб пачнецца ў 12.00.
„Тут, на плошчы — такая традыцыя ўзнікла ў нас ужо летась — збяруцца ўдзельнікі акцыі „Беларусь памятае” з партрэтамі сваіх родных або вядомых людзей, якія вызвалялі Беларусь”, — паведаміла журналістам 2 мая падрабязнасці святкавання першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Завершыцца цырымонія калектыўным выкананнем песні „Плошча Перамогі”.
У 21.30 на плошчы Перамогі пачнецца канцэрт. Арганізатары анансавалі ў яго фінале тэматычнае 3D-шоу, якое можна будзе ўбачыць на двух дамах, размешчаных за манументам Перамогі. „Гэта будзе ўпершыню такі вялікі самаробны экран, на якім будзе дэманстравацца кароткая гісторыя асноўных момантаў вайны, звязаных менавіта з Беларуссю — ад гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці і вызвалення Мінска да сённяшняй пераможнай вясны”, — сказала намеснік міністра культуры. Кульмінацыяй канцэрта, паводле яе слоў, стане „пераклічка пакаленняў”. „Пачнецца канцэрт з такога відовішча — як быццам ажываюць помнік і героі, якія потым ператворацца ў рэальных людзей, што будуць браць удзел у інтэрмедыях”, — паведаміла чыноўніца.
Завершыцца святкаванне Дня Перамогі ў 23.00 салютам з трыццаці залпаў, які будзе дадзены ў Менску і абласных цэнтрах краіны.
Прадстаўнікі апазіцыі правялі мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі напярэдадні. 8 мая яны наведалі Вайсковыя могілкі сталіцы, дзе ўсклалі кветкі да магіл салдат, якія загінулі пры вызваленні Менска ў 1944 годзе, і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. У той жа дзень актывісты арганізацыі „Моладзь БНФ” усклалі кветкі да магілы народнага пісьменніка Беларусі удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава на Усходніх могілках Менска.
Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, на 1 красавіка 2017 года ў Беларусі пражывала 10 тысяч 746 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У 2016 годзе пайшлі з жыцця прыблізна тры тысячы ветэранаў.
БелаПАН