Беларусь – сярод краін, у якіх шмат гіне людзей на пажарах
1 тысяча 100 пажараў з пачатку году здарылася на Берасцейшчыне. У іх загінулі больш за 80 чалавек. Пераважна трагедыі здараюцца ў сельскай мясцовасці, куды пажарныя не заўсёды паспяваюць даехаць своечасова.
Былы пажарны, старшыня грамадскага аб’яднання ’’Добраахвотныя пажарныя’’ Аляксандр Саўчанка тлумачыць, што на кожныя 20 вёсак – ёсць толькі адна пажарная частка:
– Сітуацыя наступная, я не хачу сказаць, што пажарныя з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях кепска выконваюць свае абавязкі. Не, яны добра падрыхтаваныя, яны маюць спецыялізаваную тэхніку і г.д. Але сітуацыя ў чым. У нас у Берасцейскай вобласці каля двух тысяч вёсак. На гэтыя дзве тысячы вёсак у нас маецца 94 пункты, дзе знаходзяцца пажарныя аддзелы ў вёсках, ну і яшчэ некалькі, будзем лічыць, што агульная колькасць каля ста. Гэта значыць, што на 20 вёсак у нас ёсць адна пажарная частка.
Лідарам у свеце паводле колькасці людзей на душу насельніцтва, якія гінуць у пажарах, з’яўляецца Беларусь – у адным шэрагу з такімі краінамі, як Расея ды Украіна. У Беларусі гэты паказнік складае 10 чалавек на кожныя 100 тысяч. У той час, як у заходніх краінах гэты паказнік складае 1-3 чалавекі. Аляксандр Саўчанка ўпэўнены, што палепшыць сітуацыю можна толькі павялічыўшы колькасць добраахвотных пажарных, якія будуць аказваць першую дапамогу пераважна ў сельскай мясцовасці.
Беларускае Радыё Рацыя