Беларусь сярод сусветных лідараў па слабасці захадаў супраць COVID-19
Беларусь сярод сусветных лідараў па слабасці захадаў супраць COVID-19. Такая выснова вынікае з Індэксу, які са студзеня 2020 года вядзе Оксфардскі ўніверсітэт.
На першых трох радках з самымі строгімі абмежаваннямі Фіджы, Германія і Грэцыя. Расея, Украіна, Польшча, Літва — у сярэдзіне спісу. Індэкс Беларусі — 19,44 (са 100), такі ж у Швецыі і Вануату.
Улады Беларусі нядаўна агучылі шэраг захадаў, якія змякчаюць ці наогул скасоўваюць каронавірусныя абмежаванні. З 22 снежня кантактам першага і другога ўзроўняў не будуць выдаваць бальнічныя. Мінздароўя нагадвае, што самаізаляцыя прымяняецца выключна да тых, хто мае каронавірус. Таксама самаізаляцыя адмененая для асоб, якія прыязджаюць у Беларусь. Цяпер каранцін абавязковы толькі для тых, каму ў медыцынскіх установах пастаўлены дыягназ COVID-19.
Раней у Беларусі на загад Лукашэнкі адмянілі абавязковы масачны рэжым, выключыўшы з санітарных нормаў патрабаванне насіць маскі пры наведванні аб’ектаў, арганізацый і ў транспарце.
Беларускае Радыё Рацыя