Беларусь трапіла ў дзясятку краін з самай жорсткай цэнзурай



Беларусь заняла 9-е месца ў спісе краін з самай жорсткай цэнзурай, гаворыцца ў спецыяльным дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі „Камітэт абароны журналістаў”.

Акрамя Беларусі ў гэты спіс уключаныя Эрытрэя, Паўночная Карэя, Туркменістан, Сірыя, Кітай, В`етнам, Іран, Экватарыяльная Гвінея і Куба.

У дакуменце адзначаецца, што беларускія ўлады „практычна цалкам кантралююць СМІ, некалькі незалежных журналістаў і блогераў зведваюць пераслед і затрыманні”.

„Дзяржава сістэматычна робіць націск на ўплывовыя сродкі масавай інфармацыі і прыватных асоб, часта публічна, арыштоўваючы журналістаў, здзяйсняючы рэйды на рэдакцыі і ініцыюючы крымінальныя расследаванні [у дачыненні] да тых, хто асвятляе падзеі, — сказана ў дакладзе. — У апошнія гады ўрад заблакаваў незалежныя сайты навін, у тым ліку „Хартыю-97″, заснаваную журналісткай Наталляй Радзінай, якая зараз знаходзіцца ў выгнанні. Паколькі ўрад абмяжоўвае незалежныя інфармацыйныя агенцтвы, усё больш беларусаў спадзяюцца на сацыяльныя сеткі”.

„У межах нядаўніх заканадаўчых мер па ўзмацненні кантролю над лічбавымі СМІ ўрад у 2018 годзе ўхваліў законапраект аб „фэйкавых” навінах і прыняў папраўкі ў закон аб СМІ, якія зрабілі больш жорсткім кантроль над сайтамі навін і сацыяльнымі сеткамі”, — звярнулі ўвагу аўтары дакумента.

У дакладзе дадзеная спасылка на справаздачу аб свабодзе прэсы няўрадавай арганізацыі Freedom House, згодна з якой урад мае паўнамоцтвы ажыццяўляць нагляд за інтэрнэт-правайдарамі, усталёўваць стандарты інфармацыйнай бяспекі, праводзіць лічбавае назіранне за грамадзянамі і кіраваць даменамі верхняга ўзроўню ў Беларусі”.

Найгоршай праявай націску на СМІ ў справаздачы Камітэта абароны журналістаў названа тое, што ў сакавіку 2019 года галоўны рэдактар сеткавага выдання tut.by Марына Золатава была прызнаная вінаватай па „справе БелТА” і аштрафаваная на 7.650 рублёў (3.600 долараў).

Крымінальная справа ў дачыненні да Золатавай і іншых супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ была распачатая летам 2018 года. Нагодай стаў зварот гендырэктара БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з-за збояў, якія нібыта мелі месца пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі.

БелаПАН