Беларусь у вачах сваіх грамадзян страчвае статус сацыяльнай дзяржавы
У Беларусі клопат пра людзей – у асноўным на паперы ў справаздачах. Да прыкладу, нямоглыя людзі існуюць, а не жывуць, і мараць аб смерці.
92-гадовая ўдава інваліда першай групы Другой сусветнай вайны Ганна Канановіч і сама інвалід першай групы, страціла ўсе льготы з 2014 года. Адзінокая жанчына не прапісана ў хатцы, дзе жыве 10 гадоў, а прапісана ў пляменніцы. Нядаўна жанчына сядзела 2 месяцы без электрычнасці, у яе заканчваюцца дровы, якія трэба набываць самой па камерцыйнай цане. Такія адносіны вельмі абражаюць Ганну Канановіч.
Дапамагае ёй сацыяльная работніца Святлана. Яна цэлы месяц змагалася за тое, каб вярнулі жанчыне святло. Але заслугі Святланы ў гэтым аспрэчвае старшыня Рэчкаўскага сельвыканкама Ганна Латышэвіч. Яна лічыць, што робіць для старой жанчыны ўсё, што можа:
– Раней ільготамі на камунальныя паслугі карысталіся па рашэнні мясцовых уладаў. Мы ведалі, што гэтая бабуля там увесь час жыве, нікуды яна не выязджала. Мы яе ўключалі ў спісы льготнікаў. Пытанняў не было.
Дажываючая свой гаротны век Ганна Канановіч не адчувае сапраўднага клопату ні ад каго. Лічыць, што нікому не патрэбная. Таму сама сабе падрыхтавала крыж на магілу, які стаіць у яе пакоі з непазначанай датай смерці.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя