Беларус, які страляў у Гдыні, абвінавачваецца ў замаху на забойства
Акружная пракуратура ў Гданьску абвінавачвае 30-гадовага беларуса Сцяпана Свідэрскага, якога падазраюць у тым, што ён зладзіў стральбу па калегах у офісе «Рэйтэр».
Як паведамляе беларуская служба радыё «Свабода», Свідэрскі абвінавачваецца ў замаху на забойства, яму пагражае ад васьмі гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення. «На аснове сабраных матэрыялаў вядома, што мужчына здзейсніў два стрэлы, і адзін з іх у кірунку чалавека, — паведамілі ў пракуратуры. Пры гэтым у выніку стральбы ніхто не пацярпеў. Сцяпан Свідэрскі быў затрыманы, ён адмаўляе прад’яўленыя яму абвінавачванні.
Грамадзянін Беларусі прадставіў сваю версію інцыдэнта, якая будзе правярацца, адзначылі ў пракуратуры. Стрэлы былі зроблены з пісталета. Пры сабе Свідэрскі меў яшчэ адну адзінку агнястрэльнай зброі. Малады чалавек захапляецца стральбой, удзельнічае ў спаборніцтвах, на працу прыйшоў з трэніроўкі. Мае дазвол на захоўванне зброі.