Беларусь зачыніла на выезд наземныя межы
Ад сённяшняга дня, 21 снежня, перасячы беларуска-польскую мяжу жыхары Берасцейскай вобласці, як і іншых рэгіёнаў, змогуць толькі раз на паўгода. Афіцыйная прычына — меры, звязаныя з каронавірусам:
– Ад 21 снежня грамадзяне Беларусі наземным транспартам змогуць выехаць выключна з мэтамі вучобы і працы, а таксама грамадзяне, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ці грамадзянства іншай краіны. Дадаткова ў спісе сярод тых, хто можа перасякаць мяжу часцей, чым раз на шэсць месяцаў, знаходзяцца дыпламаты, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацыяў, кіроўцы-міжнароднікі і так далей.
Яшчэ адна адметная рыса — амаль што немагчыма правесці тавары праз польска-беларускую мяжу. Вандроўнікаў чакае пільны дагляд, таму рэкамендавана пры сябе мець выключна ўласныя рэчы.
На дадзены момант расклад аўтобусаў з Берасця ў кірунку Польшчы пакуль без зменаў. Выезды запланаваныя ў сярэднім праз кожныя тры гадзіны. Але не выключана, што бліжэйшым часам адбудуцца карэктыроўкі, калі зменшыцца колькасць пасажыраў.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце