Беларусь заняла 108 месца ў Глабальным індэксе бяспекі здароўя
Беларусь заняла 108-ы радок у Глабальным рэйтынгу бяспекі здароўя (Global Health Security Index). Па сутнасці, аўтары аналізавалі, наколькі краіны гатовыя адрэагаваць на ўспышкі хвароб.
Жоўтым колерам пазначаныя «найбольш падрыхтаваныя» краіны, а больш цёмным колерам – менш падрыхтаваныя. Інфаграфіка: ghsindex.org
Індэкс Global Health Security Index, па сутнасці, ацэньвае магчымасць прадухіліць, а таксама змагацца з успышкамі хвароб. Рэйтынг з 195 краін склалі на аснове дадзеных з адкрытых крыніц па 6 катэгорыях: прадухіленне з’яўлення або вызвалення ўзбуджальнікаў хваробы, ранняе выяўленне і інфармаванне астатніх краін, хуткі «адказ» на эпідэмію, гатоўнасць сістэмы аховы здароўя лячыць хворых і абараніць сваіх работнікаў, адпаведнасць міжнародным нормам, а таксама агульная ўразлівасць навакольнага асяроддзя і самой краіны для біялагічных пагроз.
Беларусь заняла 108 пазіцыю ў рэйтынгу са 195, набраўшы 35 балаў, і апынулася блізкая па ацэнцы да Балівіі, Парагвая, Намібіі, Кот-д ʼІвуару, Ганы ці Пакістану.
Калі глядзець дэталёва, то лепшыя ацэнкі ў Беларусі – па пытанні аб агульнай уразлівасці краіны для эпідэмій, а таксама хуткай рэакцыі на рызыкі. Менш за ўсё балаў аўтары выставілі за магчымасць краіны прадухіляць успышкі.
Для параўнання, амаль ва ўсіх нашых суседзяў рэйтынг выйшаў значна лепшым: Латвія на 17-м месцы (63 балы), Польшча на 32-м месцы (55 балаў), Літва на 33-й пазіцыі (55 балаў), Расея на 63-й (44 балы). Украіна апынулася на 94-м месцы (38 балаў).
Рэйтынг узначалілі ЗША (84 балы), Вялікабрытанія (78) і Нідэрланды (76), далей ідуць Аўстралія, Канада, Тайланд, Швецыя, Данія, Паўднёвая Карэя, Фінляндыя.
Горш за ўсё справы ідуць у Экватарыяльнай Гвінеі (16 балаў), Самалі (17), Паўночнай Карэі (17), а таксама Сан-Томе і Прынсіпі, Маршалавых выспах, Емене, Кірыбаці, Сірыі, Гвінеі-Бісаў і Габоне.
Галоўная выснова даследчыкаў несуцяшальная: ні адна краіна ў свеце не гатовая поўнасцю да эпідэмій і пандэмій. У кожнай ёсць прабелы ў сістэме. Агульны бал «гатоўнасці» усіх краін склаў толькі 40 балаў з магчымых 100.
«Біялагічныя пагрозы – натуральныя, наўмысныя або выпадковыя – у любой краіне могуць прадстаўляць пагрозу для здароўя насельніцтва свету, міжнароднай бяспекі і сусветнай эканомікі. Паколькі інфекцыйныя захворванні не маюць межаў (…) кожная краіна павінна быць празрыстай у сваіх магчымасцях, каб гарантаваць суседзям, што яна можа прадухіліць ператварэнне ўспышкі ў міжнародную катастрофу», – сказана ў дакладзе.
Аўтары індэкса падкрэсліваюць: свет і далей будзе сутыкацца з успышкамі, да якіх мала падрыхтаваны. Змяненне клімату, урбанізацыя, масавая міграцыя – гэта ідэальныя ўмовы для зʼяўлення і распаўсюджвання патагенаў.
Дадзены рэйтынг – гэта сумесны праект Цэнтра бяспекі здароўя ім. Джона Хопкінса (ЗША), амерыканскай некамерцыйнай Ініцыятывы па скарачэнні ядзернай пагрозы і брытанскай даследчай кампаніі Economist Intelligence Unit.