Беларусь заняла 153-е са 180 месцаў у рэйтынгу свабоды прэсы
У 2017 годзе Беларусь заняла 153-е са 180 месцаў у рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод складае арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. У 2016 годзе краіна займала 157-ю пазіцыю.
У раздзеле па Беларусі пад загалоўкам „Ілжывая адліга” адзначаецца: „Імкнучыся аслабіць уплыў Расеі на Беларусь і выйсці з эканамічнага крызісу, рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе спадабацца міжнароднай супольнасці і сцерці свой вобраз „апошняй дыктатуры Еўропы”. Але, акрамя вызвалення палітвязняў, нічога не змянілася”.
„Рэпарцёры без межаў” адзначаюць, што беларускія журналісты, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, не могуць атрымаць акрэдытацыю і зазнаюць судовыя пераследы за працу без яе. Гаворка ідзе пра тэлеканал „Белсат”, у дачыненні да супрацоўнікаў якога сёлета вынесена штрафаў прыкладна на 50 тысяч рублёў.
„Асцерагаючыся дэстабілізацыі, звязанай з украінскім крызісам, улады пасадзілі ў турму як прарасейскіх, так і антырасійскіх блогераў”, — гаворыцца ў справаздачы.
Паляпшэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу звязанае з тым, што ў 2016 годзе журналісты ў Беларусі менш пераследваліся. „Але зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да закручвання гаек”, — адзначаюць „Рэпарцёры без межаў”.
У першую пяцёрку краін у рэйтынгу свабоды прэсы ўвайшлі Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Данія і Нідэрланды.
Расея займае 148-е месца, Польшча — 54-е, Латвія — 28-е, Літва — 36-е, Украіна — 102-е.
Замыкаюць рэйтынг Туркменістан, Эрытрэя і Паўночная Карэя.