Беларусь запрашае турыстаў



Не выключана, што ўжо з 26-га кастрычніка замежнікі змогуць без візаў перасекчы мяжу ў пункце пропуску Кузніца-Брузгі, і на працягу пяці дзён наведваць рэгіён Аўгустоўскага канала, у тым ліку Гародню. Пазней, меркавана з 1-га траўня, таксама ўезд будзе ажыццяўляцца і ў пункце пропуску Рудаўка-Лясная блізу польскага Аўгустава. Гэтым фактам усцешаны бургамістр горада Войцех Валюлік:

– Да гэтага часу не было вялікай зацікаўленасці, бо каб атрымаць візу, трэба было ехаць аж у Беласток. І гэта выклікала вялікія праблемы для турыстаў, якія прыязджалі да Аўгустова.

У той жа час паведамляецца, што дзеля ўезду ў Беларусь без візы, турыстам дастаткова будзе запоўніць анкету на адмысловым сайце grodnavisafree.by, які ў хуткім часе мае запрацаваць. Таксама вядома, што ўлады Падляшша ўзнімаюць пытанне бязвізавага ўезду беларусаў на тэрыторыю ваяводства. Бургамістр Войцех Валюлік кажа, што цяпер беларусы таксама заўважныя ў Аўгуставе:

– Заўважаем аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Але мы хацелі б, каб больш гасцей з Беларусі да нас прыязджала. Спадзяёмся на малы памежны рух, а бязвізавы рух даў бы яшчэ большы шанец для Аўгустова.

З 26-га кастычніка ўступае ў дзеянне ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які тычыцца бязвізавага руху ў рэгіёне Аўгустоўскага канала, які ахоплівае значную частку Гарадзеншчыны. Да гэтага часу Савет Міністраў мае распрацаваць парадак уезду замежнікаў у Беларусь без візаў. Пакуль няма падрабязнасцяў таго, як бязвізавы рух будзе ажыццяўляцца і кантралявацца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя