Беларусь застаецца краінай смяротных прысудаў
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца вышэйшая мера. Апошнія тры смяротныя прысуды прыведзены ў выкананне 5-га лістапада. «Растрэлы напрыканцы году – ужо тэндэнцыя», – заўважае актывістка кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» — Паліна Сцепаненка:
— На працягу гэтага часу прасочвалася такая тэндэнцыя, што людзей расстрэльваюць, альбо перад Новым годам, альбо, неяк так, у сакавіку большасць расстрэлаў была. За апошнія гады ў нас сёлета расстралялі больш за ўсё людзей, а так, звычайна, такая страшная статыстыка, гэта 2 чалавекі ў год. Фактычна кажуць, што кожны раз вызваляюцца камеры пад новых смяротнікаў, бо іх не так шмат.
Днямі чарговы смяротны прысуд вынесены ў Беларусі. Жыхар Мазыра Кірыл КазАчак прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Прысуд абвешчаны 28 снежня на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда ў Мазыры. Таксама выканання прысуду чакае Сяргей Вострыкаў, які асуджаны да смерці 19 траўня, пасля таго, як быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя