Беларуса Максіма Бурсевіча расстралялі разам з украінцамі



zdymki_z_archiwa1У Салавецкім музеі, які знаходзіцца на тэрыторыі Салавецкага Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Расеі, наш зямляк пісьменнік, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын адшукаў дакументы аб расстрэле 3 лістапада 1937 года Максіма Бурсевіча (1890-1937) – беларускага палітыка, педагога, сябра Беларускага пасольскага клуба, сябра БСРГ, кіраўніка яе Цэнтральнага сакратарыята, члена ЦВК БССР, які працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.

Максім Бурсевіч быў родам з вёскі Чамяры Слонімскага павета. Яго арыштавалі ў Менску па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, д. 20, кв. 1. Быў этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер НКВД. 9 кастрычніка 1937 года «тройкай» НКВД Ленінградскай вобласці быў асу­джаны да ВМП. Расстраляны 3.11.1937 года. Справа спынена 16.8.1956 года.

Па словах Сяргея Чыгрына, у Салавецкім музеі знаходзіцца справа № 103010-37 г. У гэтай справе паведамляецца аб тым, што 3 лістапада разам са 134 “украінскімі буржуазнымі нацыяналістамі, асуджаных на розныя тэрміны за к-р, нацыяналістычную, шпіёнскую і тэрарыстычную дзейнасць на Украіне, і якія стварылі “Усеукраінскі цэнтральны блок” было загадана 3 лістапада 1937 года расстраляць і беларуса Максіма Бурсевіча. Як трапіў да “украінскіх нацыяналістаў” беларус Максім Бурсевіч застаецца загадкай. Праўда, у 1915-1921 гадах ён жыў і працаваў на Харкаўшчыне. “У спісах людзей, якіх расстралялі, ёсць і прозвішча Максіма Бурсевіча. Адшуканыя гэтыя спісы, копіі іх знаходзяцца ў мяне, а таксама прозвішчы тых, хто даваў загад на расстрэл. З гэтымі дакументамі сёння змогуць пазнаёміцца наведвальнікі сайта Радыё Рацыя, а таксама з фотаздымкамі тых месцаў, дзе адбываў тэрмін наш зямляк Максім Бурсевіч. Гэта вельмі важныя дакументы, бо ў розных даведніках і на Вікіпедыі паведамляюцца розныя даты смерці беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Максіма Бурсевіча”, – сказаў Сяргей Чыгрын.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара