Беларусам прапануюць тур у Паўночную Карэю з 30% зніжкай



У пачатку мая адбудзецца экскурсійны тур з Менска ў Паўночную Карэю. Турысты з Беларусі паляцяць разам з фанатамі авіяцыі з іншых краін на адным з апошніх у парку «Белавія» самалёце Ту-154.

Тур прадоўжыцца пяць дзён. Кошт паездкі ў самую закрытую краіну свету складае 2800 еўра. Ужо да снежня былі выкупленыя ўсе месцы бізнес-класа, паведамляюць Naviny.by.

Кампанія «Мерлинтур» абвясціла аб новых умовах пералёту і зніжцы ў 30%. Раней меркавалася, што на шляху з Менска ў Пхеньян самалёт здзейсніць толькі пасадку для дазапраўкі ў Новасібірску. Цяпер праграмай пералёту запланавана і пасадка ў Маскве. Карміць ў палёце абяцаюць стравамі карэйскай кухні.

Кошт тура са зніжкай для пасажыраў з Менска складае 1910 еўра, з Масквы – 1770 еўра. У кошт тура ўваходзіць пералёт, трансфер, пражыванне, харчаванне і экскурсіі па Паўночнай Карэі.