Беларусам рэкамендуюць не ехаць на Балі
У сувязі з вывяржэннем вулкана на востраве Балі пасольства Беларусі ў Інданезіі рэкамендуе беларускім грамадзянам устрымацца ад наведвання гэтай правінцыі да стабілізацыі сітуацыі. Інфармацыі аб звароце беларусаў па дапамогу ў пасольства пакуль няма, паведаміла дыпмісія ў „Твітэры”.
Раніцай 27 лістапада ў сувязі з павышэннем актыўнасці вулкана Агунг на востраве Балі мясцовыя ўлады ўвялі максімальны ўзровень небяспекі, абвешчаная эвакуацыя. Усе авіярэйсы адмененыя як мінімум да аўторка, 28 лістапада, эвакуяваныя прыблізна 25 тысяч чалавек.
Паводле ацэнак інданезійскіх уладаў, у выпадку вывяржэння вулканічны попел, аскепкі цвёрдых парод і атрутныя газы могуць распаўсюдзіцца на адлегласць звыш 30 кіламетраў ад кратара вулкана.
Пра небяспеку вывяржэння вулкана пасольства Беларусі ў Інданезіі папярэджвала яшчэ ў канцы верасня. На сайце дыпмісіі было апублікаванае паведамленне аб эвакуацыі на 26 верасня 75 тыс. чалавек у радыусе 12 кіламетраў ад кратара вулкана.
У выпадку экстраннай неабходнасці беларускім грамадзянам рэкамендавана звяртацца ў пасольства Беларусі ў Інданезіі па тэлефонах +62-21-525-13-88, +62-21-525-62-56, па мабільным тэлефоне консульскага супрацоўніка пасольства +62-8-77-777-042-49або па электроннай пошце: [email protected] і [email protected].