Беларусам засталося менш за месяц на прыватызацыю кватэр



У беларусаў, якія не паспелі прыватызаваць свае кватэры, засталося меней за месяц на тое, каб аформіць уласнасць на жыллё. Пра гэта нагадвае Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце ведамства, апошні тэрмін для прыватызацыі кватэр і дамоў вызначаны указам ад 16 снежня 2013 года № 563 — гэта 1 ліпеня 2016 года.

У сувязі з гэтым Дзяржкаммаёмасць яшчэ раз звярнула ўвагу грамадзян на агульныя падыходы да вызначэння кошту памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду пры іх прыватызацыі. Ацэначны кошт памяшканняў вызначаецца на першае чысло месяца, у якім падаецца заява аб прыватызацыі. Але ж пры гэтым ацэначны кошт кватэры ці дома можа адрозніваецца ад рэальнага рынкавага кошту.

Калі грамадзянін не згодны з ацэначным коштам, ён можа атрымаць незалежную экспертную ацэнку, пры гэтым аплаціўшы працу спецыялістаў.

Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь таксама вызначае выпадкі, калі прыватызацыя жылых памяшканняў ажыццяўляецца на выплатнай, бязвыплатнай або змяшанай асновах, а таксама на льготных умовах. Гэты парадак вызначаюць артыкулы 130 і 140 Кодэксу.

Паводле Дзяржкаммаёмасці, на пачатак года непрыватызаванымі заставаліся 8% кватэр і дамоў.

„Еўрарадыё”