Беларусаў, якія ваююць у чужой краіне, будуць саджаць



Крымінальны кодэкс Беларусі дапаўняецца артыкуламі «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання».

Уводзіцца адказнасць за перавозку матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, або яе прапагандуюць. „Гэта адабрэнне Палатай тых указаў кіраўніка краіны, якія датычаць асоб, што ваююць ва Украіне,” – адзначае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

– Цяперашняе заканадаўчая прапанова – гэта як раз разгляд загада прэзідэнта для таго, каб надаць яму заканадаўчую сілу. Рашэннем прэзідэнта асобна вылучаны людзі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце на тэрыторыі Украіны, таму што яны ўяўляюць непасрэдную пагрозу для спакою ў краіне, як сказаў Лукашэнка. Удзел у баявых дзеяннях можа быць скарыстаны ў антыканстытуцыйных мэтах для парушэння бяспекі краіны.

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык падкрэсліў, што крымінальная адказнасць за экстрэмізм распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасці, «якія ў поўнай меры разумеюць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў». Прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя