Беларусаў заклікаюць далучыцца да міжнароднай акцыіі “Мова рук”
Беларусаў заклікаюць не быць абыякавымі і далучыцца да міжнароднай акцыіі “Мова рук”, якая прымеркавана да Сусветнага дня барацьбы з ракам. Акцыя адбываецца ў сацсетках.
Сэнс у тым, каб на далоні напісаць “Мы можам” і далей параду, як перамагчы анкалагічнае захворванне альбо словы падтрымкі цяжка хворым. Здымак далоні трэба размясціць на сваёй старонцы. Усе публікацыі пасля збяруць на адмысловым сайце.
Медыкі заклікаюць да іншай акцыі – звярнуць увагу на асабісты стан здароўя і прайсці абследванне. Гэта абумоўлена тым, што анкалагічныя захворванні з’яўляюцца ў любым узросце і могуць доўга не балець, адзначае ўрач-кансультант Ірына Маўчанава:
– Боль з’яўляецца тады, калі суседнія органы пашкоджваюцца, калі ідзе ўскладненне дадаецца працэс запалення, ён дае болі. Сам рак болі не дае. Раней мы лічылі, што рак – гэта старэй 35-40 гадоў, а цяпер рак сустракаецца і ў маладых. Казаць, што да раку схільныя людзі старэйшага ўзросту, цяпер ужо нельга.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя на ўліку ў анкалагічных дыспансерах знаходзіцца каля 250 тысяч грамадзян. Поспех у лячэнні гарантаваны тады, калі хваробу выявілі напачатку яе развіцця.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя