Беларусаў запрашаюць на сустрэчы з Папам у Літву і Панаму



Каталіцкіх вернікаў Беларусі запрашаюць на сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам, якія пройдуць у верасні 2018 года ў Літве і ў студзені 2019 года ў Панаме, паведамляе Catholic.by.

Папа Францішак наведае краіны Балтыі 22–25 верасня. 22 верасня ён правядзе сустрэчу з моладдзю на пляцы перад катэдрай у Вільні, а 23 верасня ўзначаліць святую Імшу ў Коўне ў месцы, на якім маліўся св. Ян Павел ІІ 25 гадоў таму, калі з афіцыйным візітам наведваў Літву.

Вернікі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць запісацца ў пілігрымку ў Вільню і Коўна. Запіс у пілігрымкі магчымы ў парафіях, для чаго просяць звяртацца да сваіх пробашчаў.

У пілігрымку на моладзевую сустрэчу, якая пройдзе ў літоўскай сталіцы на літоўскай і італьянскай мовах, запрашаецца моладзь ад 18 да 35 гадоў. У пілігрымку на святую Імшу ў Коўна запіс ідзе без абмежавання ва ўзросце (дзеці толькі ў суправаджэнні бацькоў).

Праграма пілігрымкі ў Вільню (22 верасня):

07:35 — выезд з Менска цягніком; прыбыццё — 10:05

12:00 — святая Імша ў касцёле св. Арханёла Рафала на беларускай мове для ўдзельнікаў пілігрымкі

13:00 — абед для пілігрымаў

Сустрэча з Папам Рымскім

21:17 — адпраўленне цягніком у Менск; прыбыццё — 01:05

Прыкладны кошт удзелу (арганізацыя, віза, абед) складае 55 еўра. Для тых, хто паедзе з Маладэчна цягніком у 08:27, кошт удзелу складае 45 еўра.

Праграма пілігрымкі ў Коўне (23–24 верасня):

Выезд з Менска аўтобусамі (у ноч з суботы на нядзелю, дакладны час ад’езду будзе пададзены пазней).

07:00 — прыезд у Коўна

Удзел у чуванні перад Імшой у адмысловым сектары

Святая Імша

Сустрэча Папы Рымскага з духавенствам у катэдры Каўнаса (для святароў і кансэкраваных асобаў)

12:30–16:00 — вольны час

Выезд у Кайшадорыс, вячэра, начлег

Сняданак

Святая Імша пры рэліквіях бл. арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса (на беларускай мове), выезд у Вільню.

Вільня. Магчымасць наведвання гандлёвага цэнтра «Акропаліс»

Вяртанне ў Менск

Прыкладны кошт (арганізацыя, начлег, пасілкі, віза) — 60 еўра. Для тых, хто паедзе з Маладэчна, — 50 еўра. Дакладны кошт пілігрымкі будзе пададзены да 15 ліпеня.

У XXXIV Сусветных дзён моладзі (СДМ), якія пройдуць у Панаме з 22 па 29 студзеня 2019 года, возьме ўдзел адзіная дэлегацыя моладзі з Беларусі.

Святароў, законных сясцёр, маладых людзей, якія маюць магчымасць быць у Панаме, па пытаннях удзелу ў сусветных Днях Моладзі просяць асабіста звязвацца з адказнымі за падрыхтоўку адзінай дэлегацыі з Беларусі: кс. Антоніем Грэмзам, міждыяцэзіяльны каардынатар і адказны за падрыхтоўку беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў СДМ у Панаме (+375 29 286 31 78; +375 29 632 43 73; email: [email protected]) і Гэленай Богдан (+375 29 286 31 78; e-mail: [email protected]).

Усе мерапрыемствы разлічаны на 14 дзён. 17–21 студзеня Дні моладзі будуць праходзіць у дыяцэзіях, 22–27 студзеня адбудуцца цэнтральныя мерапрыемствы, якія пройдуць у горадзе Панама на ўзбярэжжы Cinta Costera. З 26 на 27 студзеня адбудзецца чуванне на адкрытай прасторы на ўзбярэжжы Ціхага акіяну. Магчымыя дні вылету: 15 і 16 студзеня, вяртання: 29 і 30 студзеня.

Кошт каля 2000 даляраў (авіябілет, пакет пілігрыма СДМ, удзел у днях у дыяцэзіі, пераезд у адну з дыяцэзій Панамы, страхоўка). Магчымыя нязначныя змены. Аванс у памеры 50% ад агульнай сумы патрэбна ўнесці да 1 верасня 2018 года. У выпадку адмовы ад удзелу аванс не вяртаецца (вяртанне магчыма толькі за кошт замены новым удзельнікам). Канчатковую аплату патрэбна ўнесці да 1 лістапада.

Узрост удзельнікаў 18–35 гадоў. 

Фота © AP Photo/Alessandra Tarantino