Беларуска-брытанская трэніроўка “Зімовы партызан”



На палігоне Лосвіда, які належыць 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, працягваецца сумесная беларуска-брытанская трэніроўка пад назвай “Зімовы партызан”.

Паводле інфармацыі Мінстэрства абароны, у трэніроўцы ўдзельнічаюць беларуская міратворчая рота ад згаданай брыгады і 28 вайсковаслужбоўцаў 42-га батальёна марской пяхоты з Велікабрытаніі.

Інфармацыя пра гэтую падзею выклікала дыскусію ў рускамоўным сегменце інтэрнэта.

Кажа палітык Павел Севярынец:

– Мне здаецца, што гэты “фінт” з брытанскім спецназам, гэта чарговы лот на гандаль з Пуціным, новыя карты ў гульні з Масквой. Але заканчваецца гэта заўсёды адным – усе кантакты на Захадзе, усе прапановы Захаду Лукашэнка прадае Пуціну за чарговы крэдыт, альбо здае незалежнасць за чарговыя расейскія падачкі.

У мінабароны паведамілі што трэніроўка не з’яўляецца часткай якіх-небудзь шматбаковых вучэнняў і праходзіць у межах узаемадзеяння па пытаннях падрыхтоўкі міратворчага персаналу. Падобныя мерапрыемствы з брытанскім бокам праводзяцца рэгулярна з 2018 года на тэрыторыі абедзвюх краін. Сёлета беларускія і брытанскія вайскоўцы будуць трэніравацца да 14 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота mil.by