Беларуска ўзяла крэдыт, каб паказаць свету наш фальклор
Воля Дземка трынаццаць гадоў таму пераехала ў Злучаныя Штаты, а цяпер вярнулася ў Беларусь з камерай, каб зняць беларускія песні, якім «столькі ж гадоў, колькі егіпецкім пірамідам».
Этнографы лічаць традыцыйныя беларускія напевы найбольш старажытнымі на тэрыторыі Еўропы. «Гэта як егіпецкія піраміды, прычым многія песні – іх равеснікі», – кажа беларуска Воля Дземка ў размове з TUT.BY.
Да прыкладу, падчас вяселля, якое магло доўжыцца два тыдні, пачынаючы сватаўством і заканчваючы святочным застоллем, выконвалася да 500 песень. На жаль, вельмі мала людзей нават у Беларусі ведаюць, наколькі старая і ўнікальная наша пеўчая культура.
Воля нарадзілася і жыла ў Менску, шмат часу праводзіла з бабуляй і дзядулем у вёсцы на Палессі. Яна скончыла хімічны факультэт БДУ, а з 2003 года жыве ў Сіэтле. Там у 2010 годзе скончыла Інстытут мастацтваў па спецыяльнасці «камерцыйная фатаграфія», прымала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выставаў. Працавала прадзюсарам, рэжысёрам, асістэнтам рэжысёра і аператарам-пастаноўшчыкам кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў і музычных кліпаў.
Вольга кажа, што закахалася ў народныя песні яшчэ на радзіме, калі пачула выступленне маладых дзяўчат з калектыву Guda, пасля чаго некалькі гадоў сама спявала ў ягоным складзе. У Сіэтле яна кіруе фальклорным калектывам «Volya».
Дзяўчына распавядае, што ў ЗША калектыў выступае не вельмі часта: як і ў Беларусі, культурніцкія праекты такога плану практычна не акупляюцца. Паслухаць беларускую народную музыку ў асноўным прыходзяць амерыканцы, а з рускамоўных жыхароў Сіэтлу прыходзяць толькі родныя дзяўчат і сябры.
«Нашыя песні – гэта як піраміды для егіпцян, некаторыя з іх нават паходзяць з таго ж часу. Але большасць беларусаў успрымае іх як нешта непапулярнае ці «калгас». Я веру, што гэта ўсё ад недахопу ведаў, для гэтага і здымала фільм, каб распавесці людзям усяго свету пра нашыя песні», – распавядае Воля.
Дзяўчына лічыць, што грэблівы стасунак да нацыянальнай культуры ў беларусаў створаны штучна: «Вельмі цяжка заставацца самім сабой, калі табе кажуць, што нічога каштоўнага, акрамя мяжы з суседнімі дзяржавамі, у цябе няма».
Фільм «Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія народныя песні» стане першай працай пра беларускі фальклор, створанай у Амерыцы і менавіта для англамоўных гледачоў.
У 2011 годзе Воля ненадоўга прыехала ў Беларусь са здымачным абсталяваннем, каб адправіцца ў этнаграфічную экспедыцыю па аддаленых вёсках Гомельшчыны і Берасцейшчыны.
«Бабулі былі Вельмі радыя, што да іх прыехала рэжысёрка з Амерыкі, а калі даведваліся, што мае бабуля і дзядуля з вёскі Вялікі Малешаў, якая знаходзіцца ў 20 км ад іх, ганарыліся: «Нашая дзяўчына!».
Воля ўзгадвае, што бабулі вельмі хваляваліся, ці патрапяць Яны ў фільм хаця б на пару секундаў, ці пабачаць іх людзі ў іншых краінах. Ня так даўно я тэлефанавала ў Дзятлавічы і даведалася, што за апошні год ажно два маіх спеўных анёлы сышлі ўжо ў іншы свет».
Фільм зняты па канонах дакументальнага кіно, але стваральнікі абяцаюць здзівіць гледачоў анімацыяй і кампʼютарнай графікай. Частка здымак праходзіла на поўначы Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША. Там шукалі пэўныя месцы, якія нагадвалі б беларускую прыроду. Таксама ў карціне будуць прадстаўлены ўнікальныя архіўныя кадры пачатку і канца 20 стагоддзя і экспедыцыйныя хронікі 90-х.
Першы амерыканскі фільм пра беларускі фальклор можна лічыць народным і міжнародным. На яго стварэнне ахвяравалі і дапамагалі людзі з розных куткоў Беларусі і Амерыкі. Каб скончыць яго вытворчасць, Воля ўклала свае зберажэнні, якія збірала, працуючы перакладчыкам у кампаніі Microsoft, і ўзяла крэдыт у банку.
«Колькі нам яшчэ гадоў засталося? Мабыць, 10, можа, 15, покуль сыдуць апошнія Нашы бабулі, а разам з імі песні», – лічыць Воля. «Гэты фільм і наагул праект з такіх, якія робіш таму, што не рабіць немагчыма, а часу застаецца ўсё менш». Падчас мантажу фільма былі выкарыстаныя 102 музычныя кампазіцыі і песні. У стварэнні 60-хвіліннай карціны прымалі ўдзел заснавальнік групы «Троіца» Іван Кірчук, лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, працаўнікі Акадэміі навук і мноства народных музычных калектываў.
Амерыканская прэмʼера фільма прызначаная на 9 красавіка, пасля чаго аўтары плануюць адправіць яго для ўдзелу ў фестывалях. Распаўсюджвацца фільм будзе па прынцыпе «Назаві сваю цану»: гледачы змогуць спампаваць фільм як бясплатна, так і ўнесці любую суму падчас запампоўкі. Фільм выйдзе на ангельскай і беларускай мовах з рускімі субцітрамі.
Воля распавядае, што ад першых гледачоў атрымала вельмі пазітыўныя водгукі. Замежнікам падабаюцца незвычайныя для іх вуха народныя беларускія гармоніі. І кажуць, што вельмі пазнавальна, бо многія да знаёмства з воляй і гэтым праектам не ведалі, што ёсць такая краіна. Дзяўчына спадзяецца, што фільм будзе паспяховым і гэта дазволіць ёй часцей прыязджаць у Беларусь.