МЗС Беларусі – супраць незалежных беларускіх СМІ ў Польшчы



Спыніць падтрымку сайта Хартыя-97. Гэтага, у прыватнасці, ад польскіх уладаў патрабуе Міністэрства замежных спраў Беларусі. Адзін з супрацоўнікаў міністэрства паведаміў на прынцыпах ананімнасці галоўнаму рэдактару сайта – Наталлі Радзінай,  што беларускія ўлады намагаюцца спыніць дзейнасць незалежнага сайта.

Унутры самой краіны плануецца блакіроўка рэсурса для інтэрнэт-карыстальнікаў, а на знешнім „фронце”   МЗС Беларусі патрабуе ад еўрапейскіх урадаў і фондаў спыніць фінансавую падтрымку сайта сharter97.org.  Паколькі рэдакцыя сайта цяпер працуе з Варшавы, то асаблівы ціск аказваецца на ўлады Польшчы.

ai-172885-aux-head-20151010_natallia_radzina_tНаталля Радзіна лічыць, што гэтыя дзеянні не ў апошнюю чаргу звязаныя з поўным зняццём санкцый  Еўразвязу ў дачыненні да афіцыйнага Менска:

Натуральна. Дыктатура становіцца больш нахабнай, яна разумее, што калі з яе знятыя санкцыі, то могуць за гэтым ісці і наступныя дзеянні. У такіх умовах рэжым проста патрабуе спыніць падтрымку грамадзянскай супольнасці. Мы бачым, што цяпер сапраўды ідзе скарачэнне падтрымкі беларускім дэмакратычным сілам, няўрадавым арганізацыям, незалежным медыям. Насамрэч, гэта можа нават і страшней за санкцыі, паколькі сёння дапамога дэмакратычнаму грамадству ў Беларусі проста неабходная і ва ўмовах дыктатуры ў краіне, і ва ўмовах расейскай агрэсіі. Таму сёння дзейнасць незалежных беларускіх медыяў такіх, як сайт Хартыі, надзвычай важная для Беларусі. 

Як заўважае старшыня Управы нашага Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, аналагічныя захады Міністэрства замежных спраў Беларусі робіць у дачыненні да нашага радыё і тэлеканала “Белсат”. Яскравае сведчанне таму – няспынны пераслед журналістаў нашых медыяў, якія вяшчаюць на Беларусь з тэрыторыі Польшчы, аднак дзякуючы гэтаму маюць магчымасць падаваць аб’ектыўную і незалежную інфармацыю нават без акрэдытацыі МЗС-у.

Наталля Радзіна дадае, што супрацоўнікі сharter97.org сустракаюцца з прадстаўнікамі МЗС Польшчы, іншых уладных структураў, СМІ, праваабаронцамі гэтай краіны, тлумачаць рэальную сітуацыю ў Беларусі, а таксама тое, чаму Хартыя не можа цяпер працаваць у Беларусі, дзе сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца. „Працаваць унутры краіны – гэта значыць рызыкаваць жыццём журналістаў, а ў рабоце самаго сайта можа ў выніку з’явіцца самацэнзура,” – дадае галоўны рэдактар сайта.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.  

Фота сharter97.org