Беларускае тэлебачанне арганізуе трансляцыю ўсіх набажэнстваў



У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у гэтым годзе на беларускім тэлебачанні будзе арганізаваная прамая трансляцыя ўсіх набажэнстваў велікоднага трыдууму ў архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, а не толькі Пасхальнай вігіліі, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Прамыя трансляцыі імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер (сёлета 9 красавіка) і набажэнствы Шанавання святога крыжа ў Вялікую пятніцу (10 красавіка) пачнуцца а 19.00 на тэлеканале „Беларусь 3”.

Трансляцыя Пасхальнай вігіліі ў ноч Уваскрэсення Пана пачнецца 11 красавіка ў 21.45 на тэлеканале „Беларусь 1”. Святочнае набажэнства ўзначаліць мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Рэгулярныя відэатрансляцыі набажэнстваў вядуцца на партале catholic.by, аўдыятрансляцыі — на сайце беларускай рэдакцыі міжнароднай хрысціянскай радыёстанцыі „Радыё Марыя”.

19 сакавіка пастаянны савет Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) прыняў шэраг мер для прадухілення распаўсюджвання каранавіруса COVID-19. У прыватнасці, дыяцэзіяльным біскупам было загадана даць дыспенсацыю, то бок вызваліць ад абавязковага ўдзелу ў нядзельных і святочных службах, пажылым вернікам, дзецям і моладзі школьнага ўзросту, а таксама тым, хто пра іх клапоціцца, людзям з сімптомамі захворвання і тым, хто баіцца заражэння. Вызваленым ад удзелу ў службах рэкамендавана далучацца да трансляцый набажэнстваў па радыё або інтэрнэту.

13 сакавіка арцыбіскуп Кандрусевіч як старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ўвёў у касцёлах па ўсёй краіне шэраг часовых правілаў, накіраваных на нераспаўсюджванне каранавіруса.

Ён устанавіў, што ўшанаванне крыжа, абразоў і рэліквій „адбываецца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання”; на кратках канфесіяналаў „павінен быць усталяваны абарончы матэрыял”, які неабходна рэгулярна дэзынфікаваць і змяняць з захаваннем мераў перасцярогі; знак супакою, які вернікі звычайна перадаюць падчас імшы, паціскаючы адзін аднаму рукі, цяпер „перадаецца схіленнем галавы, без тактыльнага кантакту”; перад еўхарыстыяй духоўныя асобы і міністранты „павінны старанна вымыць рукі і падчас яе няўхільна захоўваць нормы гігіены”. Крапільніцы ў касцёлах пакуль не напаўняюць асвячонай вадой.

Згодна са звесткамі, апублікаванымі на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, католікамі сябе лічаць прыблізна 1,4 млн чалавек, або каля 15% грамадзян краіны.

belapan.by