Беларускай ініцыятыве „Напішы ліст палітвязню” споўнілася два гады



Беларуская ініцыятыва „Напішы ліст палітвязню” адзначыла 2 гады свайго існавання. Кожную сераду ўдзельнікі праекту сустракаюцца ў Варшаве, каб падтрымаць тых, хто за кратамі.

“За апошні год мы напісалі і даслалі яшчэ 1698 лістоў нашым героям у дзясяткі „папраўчых” устаноў Беларусі”, – зазначылі ў размове з нашай карэспандэнткай Госці Рацыі, мадэратары ініцыятывы Алёна і Алесь.

-У нас ёсць ужо валанцёры, якія кожны раз бяруць „хатняе заданне”. Яны прыходзяць, бяруць, потым прыносяць, але больш за 3 200 лістоў мы напісалі. Сустрэліся каля 100 разоў за гэтыя два гады. Станоўчымі лічым вынікі нашай ініцыятывы. Таму што ініцыятыва ўсё яшчэ існуе.

РР: Што з людзьмі і іх актыўнасцю назіраецца? Ці становіцца актыўнасці больш, альбо менш?

-Насамрэч, мы не заўважаем, каб актыўнасць неяк моцна змянялася. Яна не пастаянная. Часам людзей прыходзіць вельмі шмат. Часам людзей прыходзіць вельмі мала. Часам бываюць памятныя дні, калі прыходзіць болей людзей.  Часам дажджлівае надвор’е, у людзей нейкія свае справы, і людзей прыходзіць меней. Але агулам за апошні год мы напісалі столькі ж лістоў, колькі за папярэдні. То бок, мы не заўважаем нейкага спаду. Напэўна, мы маем ужо касцяк сталых валанцёраў. Плюс рэгулярна прыходзіць нейкая колькасць новых людзей.

Нагадаем, далучыцца да праекту можна кожную сераду з 18:00 да 20:00 ў Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa, 6a). Уваход вольны.

Беларускае Радыё Рацыя