Беларускай мове ў школе – быць!



У Гародні засталіся беларускія класы ў абодвух раёнах. Амаль перад самым навучальным годам праблема з дзецьмі-беларусамі, што вучыліся ў Кастрычніцкім раёне, была часткова вырашаная.

Кажа старшыня абласной рады Таварыства беларускай мовы Алесь Крой.

– Трэба сказаць, што тыя базавыя школы ў Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах, 32-ая і 34-ая школы, сёння маюць першы і другі клас кожная. У канцы жніўня гэта было пад пытаннем. Праходзілі бацькоўскія сходы з новым дырэктарам. Бо гэтыя класы пераводзілі ў рускамоўныя. Але пасля гэтае пытанне было ўзнята на больш высокім узроўні, таму на рускамоўнае навучанне перайшлі толькі старэйшыя класы.

Сяргей Ламека – кіраўнік гарадзенскага аддзела адукацыі – пацвердзіў, што ў 32-й і 34-й школах дзейнічае па два беларускія класы. Дзеці іншых узроставых групаў, што вучыліся па-беларуску, працягваюць навучацца паводле адмысловых навучальных маршрутаў, дзе значная частка вучэбнага працэсу даецца па-беларуску.

Цяжэй цяпер сітуацыя ў гімназіі №10, дзе пяцікласнік Даніла Кузьмініч пакуль пазбаўлены магчымасці пазнаваць навуку па-беларуску адмысловым маршрутам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня