Беларускамоўная адукацыя ў Гародні: вынікі года



У Гародні беларускамоўная адукацыя застаецца люстэркам беларускай адукацыі ўвогуле па краіне. Дзяржаўная мова тытульнай нацыі займае мізэрную долю у выхаваўчым і навучальным працэсе. Не дзіва, што моладзь з цяжкасцю разумее беларускую мову, а ўбачыць яе на рэкламе ў Гародні, вывесках можна толькі пры ўпартых пошуках.

Якія вынікі беларускай адукацыі  ў нібы беларускай Гародні за 2018 год, кажа намеснік старшыні Рады абласной арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алесь Крой:

– 2018-ты год нейкіх кардынальных зменаў у паляпшэнні сітуацыі з беларускамоўнай адукацыяй не прынёс. Слава Богу, што мы набралі два маленькія класы – 14 чалавек, якія будуць вучыцца ў першых класах у Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах. У нас традыцыйна так ужо некалькі гадоў ідзе, і гэта добра. Але мінус у тым, што колькасць дзяцей, на жаль, не павялічваецца.

Хацелася б, каб больш было ўвагі з боку дзяржавы. Вось гэтага няма. Ідзе ўскосная рэклама ва ўсіх СМІ, паказваюцца ў асноўным рускамоўныя класы. За 12 снежня зрабіў маніторынг па гарадзенскіх газетах “Вечерний Гродно” і “Гродзенская праўда”  – там увогуле ніводнага артыкулу па-беларуску няма. Пра якую папулярызацыю мовы можна казаць, калі два гады старшыня гарвыканкама абяцае 30% мінімум у газетах беларускай мовы. Там няма ніводнага артыкулу, 1% няма. Гэта абсалютнае ігнараванне дзяржаўнай мовы!

РР: Чыноўнікі ад адукацыі часам кажуць, што прычына ў тым, што самі бацькі не хочуць аддаваць дзяцей у беларускія класы.

Алесь Крой: Усё ж такі заявы бацькі пішуць, але многія ведаюць, што будуць вялікія цяжкасці. Каб яны ведалі, што ў беларускія класы будзе так жа лёгка паступаць, як у рускія, то праблемы не існавала б набраць пяць класаў. Бацькі адчуваюць, што немагчыма ў горадзе лёгка пайсці гэтым шляхам і не мець праблем. Але гэта не толькі ў Гародні, гэта па ўсёй краіне. Ні ў адным з беларускіх абласных цэнтраў за гэтыя 25 гадоў апошніх так і не з’явілася беларускай школы. Акрамя сталіцы. Хоць пасля рэферэндуму 1995 года нам абяцалі, што беларуская і руская мовы будуць у роўных умовах.  Дзе яна, гэта аднолькавая сітуацыя?!

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня