Беларускамоўная ялінка ў Гомелі



5 студзеня ў Гомелі для дзяцей пакажуць беларускамоўную ялінку “Пра казу, Пятра і Каляды” паводле аўтарства Ігара Кузьмініча.

Прэм’ера адбылася напярэдадні святаў у філіяле Веткаўскага музея. Загадчык філіяла Пятро Цалкам гаворыць, што казку адаптавалі да батлейкі:

– Перамяжоўваліся дзеі Батлейкі, якія мы бачылі, каза і сонца, якія сябравалі. Самае важнае, што ва ўсім гэтым удзельнічалі дзеткі і бацькі, якія прыйшлі. Гэта адзін з самых асноўных фактараў нашага музея, аснова працы, каб наведвальнік быў яшчэ і актыўным удзельнікам.

Бацькі, якія прывялі дзяцей, заўважаюць, што хацелі далучыць дзяцей да беларускай культуры:

– Мы ходзім у садок, раз быў ранішнік, але нічога супольнага з беларушчынай ён не меў. Вось, напрыклад, Дзед Мароз увесь час чараваў. Мы хацелі б паказаць дачцэ нешта беларускае.

– У мінулым годзе таксама была вельмі цудоўная імпрэза, дзіця вельмі шмат успамінала.

Ялінка “Пра казу, Пятра і Каляды” – адзінае ў Гомелі святочнае мерапрыемтсва, якое праходзіць на беларускай мове.

Беларускае Радые Рацыя, Гомель