Беларускамоўны сяржант ЦАХАЛу: У арміі не могуць служыць дурні
23 лютага 1918 года першыя бальшавіцкія атрады выступілі супраць немцаў пад Псковам, а ўжо праз некалькі дзён Ленін падпісаў Берасцейскі мір, дзелячы Беларусь з Нямеччынай. Пазней 23 лютага адзначалася як Дзень Савецкай Арміі. Да нашай краіны гэта дата не мае ніякага дачынення, але афіцыйна яна адзначаецца як “Дзень абаронцы Айчыны”.
Скрыншот з фільма „Жыве Беларусь!”
Войска не павінна будавацца на чужых традыцыях, лічыць беларускамоўны сяржант ЦАХАЛу Барыс Давід Балтэ. Сам ён нарадзіўся ў Беларусі, але потым пераехаў у Ізраіль, дзе стаў жаўнерам і ўдзельнічаў у ваеннай аперацыі ў Газе. Як выглядае ізраільскае войска, і якія парады можна даць беларускім жаўнерам, сяржант распавёў нашаму радыё.
Барыс Давід Балтэ: Армія абароны Ізраіля ўтварылася праз 10 дзён пасля афіцыйнага стварэння дзяржавы Ізраіль. Гэта народная армія. Людзі ведаюць, за што змагацца. У войску служаць усе – ад сына прэм’ер-міністра да дачкі самай беднай жанчыны ў дзяржаве. Той лозунг, які быў у савецкія часы, што народ і армія – адзіныя, у Ізраіле гэта не лозунг, а праўда. Хлопцы служаць тры гады, дзяўчыны – два. Але зараз ідзе працэс, каб зменшыць тэрмін службы.
РР: У Беларусі тэрмін службы складае максімальна паўтара года, і ўвесь гэты час, акрамя нейкіх кароткіх адпачынкаў, жаўнеры знаходзяцца на тэрыторыі вайсковых частак. А як гэта выглядае ў Ізраіле? Няўжо людзі напрацягу трох гадоў маюць жыць у казармах?
Барыс Давід Балтэ: Безумоўна не. Напрыклад, калі ёсць курс маладога байца, ужо праз тры дні салдат на двое сутак вяртаецца дадому, для псіхалагічнай адаптацыі.
Калі вы бываеце ў Ізраіле, то ўвечары ў чацвер і зраніцы ў пятніцу вы можаце на аўтобусных станцыях бачыць шмат жаўнераў, бо яны адпраўляюцца ўсе дадому.
РР: А як у Ізраіле, служыць у войску – гэта гонар? Ці паўстае пытанне, каб “адкасіць” ад арміі?
Барыс Давід Балтэ: Наадварот, тыя хто косяць – гэта людзі, якія выходзяць з грамады. Ёсць такія, якія не жадаюць служыць у войску, але іх менш за статыстычную пагрэшнасць.
РР: А як у ЦАХАЛе складваюцца адносіны паміж афіцэрамі і падначаленымі?
Барыс Давід Балтэ: Такой з’явы як “дзедаўшчына”, пра якую кажуць тыя, хто служыў у савецкім войску, нават тое, што мы назіраем у фільмах пра амерыканскае войска, у ізраільскім войску такога няма і зразумела, што быць не можа. Па-першае, правы шэраговага жаўнера часам абараняюць лепш, чым правы звычайнага грамадзяніна. Афіцэр – гэта не проста камандзір, а чалавек, які нясе адказнасць. Яны разумеюць, што калі на жаўнера давіць, то ён будзе кепска служыць. Гэта непатрэбна ні дзяржаве, ні для абароны дзяржавы. У войску не могуць служыць дурні. Яно павінна абараняць дзяржаву, увесь час яно павінна быць нагатове. Напрыклад, у той самай Швейцарыі войнаў ужо не было шмат стагоддзяў, але там таксама агульны заклік, там усе “пад ружжом”.
РР: Вы нарадзіліся ў Беларусі, потым пераехалі ў Ізраіль, дзе сталі жаўнерам. Якія б Вы маглі даць парады для беларускага войска, як яго рэфармаваць, як яго зрабіць нацыянальным, здольным для абароны незалежнасці?
Барыс Давід Балтэ: Першае – гэта правы чалавека. Другое – зрабіць адзінства арміі і народу. Трэцяе – гэта гісторыі. Чацвёртае – гэта фінансаванне, бо Ізраіль мае найвялікшы бюджэт для абароны з усіх міністэрстваў. Трэба зрабіць, каб дзяржава мяняла аблічча войска, каб яго не трэба было баяцца, каб людзі, якія туды ідуць, гэтым ганарыліся. Такім чынам, будзе сапраўдная армія, якая рэальна зможа абараніць незалежнасць. У беларускага войска, калі гэтыя рэформы пройдуць, ёсць вялікая традыцыя – ад часоў Полацкага княства аж да часоў Слуцкіх паўстанцаў і беларускіх партызанаў падчас ІІ Сусветнай Вайны. Гэта традыцыя ёсць, яе не трэба выдумляць, і не трэба ставіць помнікі іншым генералісімусам і маршалам, бо ў Беларусі ёсць шмат сваіх асобаў. Ёсць свая гісторыя, якая зараз, на жаль, забыта, і якую адраджаюць толькі ініцыятыўныя людзі. Гэта павінна рабіць дзяржава.
У Беларусі шмат сваіх вялікіх бітваў, вялікіх войнаў. І гэта, безумоўна, можа стаць прыкладам для жаўнера і афіцэра беларуса. У Беларусі ёсць месцы бітваў паўстанцаў Касцюшкі, Плятэр, Каліноўскага з расейскімі войскамі. У Беларусі ёсць Слуцк, дзе таксама адбывалася беларускае паўстанне, ёсць месца беларускай партызанкі падчас ІІ Сусветнай Вайны. У Чырвоную Армію таксама ішлі служыць людзі з народа. І памяць пра гэта павінна быць. Памяць – гэта адна з найвялікшых часцін будовы войска.
Адам Завальня, Беларускае Рады Рацыя