„Беларускамоўныя ў Гародні”
„Беларускамоўныя ў Гародні” – культурнае мерапрыемства, якое зладзіла ў горадзе над Нёманам менская „Арт Сядзіба”. Галоўная задачай імпрэзы – далучыць гарадзенцаў да кампаніі ў падтрымку беларускай мовы падчас перапісу насельніцтва, які пройдзе сёлета.
Кажа кіраўнік „Арт Сядзібы” Алесь Снег:
– Калі мы запрашаем на сцэну па два героі, якія карыстаюцца беларускай мовай, распавядаюць пра стэрэатыпы, пра плюсы і мінусы, натхняюць людзей, якія прыходзяць слухаць. Матывацыя ў нас была, запачаткаваць гэты праект, бо ў 2019 годзе перапіс насельніцтва. Там два пытанні, якія датычаць роднай мовы, а другое, якой мовай вы карыстаецеся. Мы заклікаем пазначаць беларускую мову, нягледзячы на тое, што пытанне ў перапісе даволі заблытанае – гэта родная мова, а дужках – мова першая засвоеная ў дзяцінстве.
Сустрэча ў „Цэнтры гарадскога жыцця” сабрала самых розных людзей – тых, хто ўвесь час размаўляе па-беларуску, а таксама тых, хто толькі спрабуе. Кажа вядучая курсаў „Мова Нанова Гародня” Эмілія Комар:
– Варта разумець, што людзі раслі ў розных умовах, па-рознаму выхоўваліся – камусьці прасцей, камусьці цяжэй. Напрыклад, я з вёскі, у вёсцы канешне не літаратурная беларуская мова, такая можа быць трасянка, таму мне прасцей, бо ў мяне ёсць гэтая база. У кагосьці цалкам расейскамоўнае асяроддзе, можа так склалася, што настаўніца кепска выкладала беларускую мову, у многіх траўма засталася. Іх шлях будзе трохі цяжэйшым, мне здаецца заўсёды варта падтрымліваць людзей.
Падобныя сустрэчы ў падтрымку кампаніі „Назаві беларускую мову роднай у перапісе насельніцтва 2019” прайшлі ў Менску, Віцебску, Бабруйску. Наступная сустрэча пройдзе ў Берасці. У планах „Арт Сядзібы” „Беларускамоўныя ў Гомелі”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня