Беларускаму актывісту з Чарнігава забаранілі ўезд у Беларусь
Беларускія ўлады забаранілі ўезд Сяргею Багукальцу – чарнігаўскаму беларусу, ветэрану Антытэрарыстычнай аперацыі, удзельніку прабеларускіх акцый у Чарнігаве.
Сяргей Багукалец нарадзіўся на Сівершчыне і, адпаведна, мае ўкраінскае грамадзянства. Пры спробе перасекчы кантрольна-прапускны пункт на ўкраінска-беларускай мяжы прадстаўнік нашай дыяспары ва Украіне атрымаў ў пашпарт пазнаку “Уезд забаронены”.
Чым аргументавалі такое рашэнне беларускія ўлады? Ці звязана гэтая забарона з удзелам спадара Сяргея ў Антытэрарыстычнай аперацыі? Ці будзе ён абскарджваць такое рашэнне?
З Сяргеем Багукальцам гутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Сяргей Багукалец: Я паехаў да сваіх знаёмых, старавераў з Навазыбкава. На расейскім кардоне, КПП Сянькоўка, мяне спынілі прадстаўнікі расейскіх памежнікаў. Мяне запрасілі ў кабінет, дзе паведамілі, што мне забаронены ўезд у Расейскую Федэрацыю.
РР: Як выглядала працэдура забароны?
Сяргей Багукалец: У мяне забралі пашпарт, некалькі хвілін лейтэнант “прабіваў” мае дакументы праз кампутар, а потым мне выдалі паперу, дзе было напісана, што на падставе нейкага артыкула я ўяўляю пагрозу для бяспекі Расейскай Федэрацыі.
РР: І ты вырашыў патрапіць у Навазыбкаў праз Беларусь?
Сяргей Багукалец: Так, я спрабаваў прыехаць у Беларусь, але там мне выдалі такую ж паперу, дзе напісана, што мне забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь з тае прычыны, што мне забаронены ўезд у Расейскую Федэрацыю.
РР: Табе не падаецца, што гэта абсурд? Беларусь забараняе ўезд на сваю тэрыторыю прадстаўніку беларускай дыяспары толькі таму, што гэта зрабіла іншая краіна?
Сяргей Багукалец: Гэта і не дзіўна. Прынамсі, па гэтай забароне можна зразумець: ці сапраўды незалежная Беларусь ці не. Калі незалежная дзяржава карыстаецца паслугамі спецслужбаў суседняй дзяржавы, то пра якую незалежнасць можа весціся гаворка? Беларуская ўлада прадэманстравала суцэльную залежнасць ад Расеі. Беларуская ўлада паказала страх перад бязглуздымі міфамі пра “Правы Сектар”, “карнікаў” і астатняга, што можна пачуць пра Украіну з расейскіх тэлеэкранаў.
РР: То бок, табе яшчэ закідалі, што ты з “Правага Сектара”?
Сяргей Багукалец: Так, менавіта ва ўдзеле ў “Правым Сектары” мяне і абвінавацілі! Але ж гэтыя закіды не маюць аніякіх падстаў, да “Правага Сектара” я не маю ніякага дачынення.
РР: Але ж ты браў удзел у Антытэрарыстычнай аперацыі!
Сяргей Багукалец: Так, я браў удзел у абароне Луганскага аэрапорта.
РР: Адкуль у расейскіх і беларускіх спецслужбаў узялася інфармацыя, што ты ўдзельнік Антытэрарыстычнай аперацыі?
Сяргей Багукалец: Сёлета пра мяне было некалькі матэрыялаў у чарнігаўскіх і агульнаўкраінскіх медыях. Але што тут цікава: мне забаранілі ўезд на пяць гадоў, але чамусці да 2019 года. А гэта азначае, што такая забарона была яшчэ ў 2014 годзе! А гэта, у сваю чаргу, азначае, што недзе ў штабах, ці сярод чарнігаўскіх актывістаў ёсць прадстаўнікі беларускіх ці расейскіх спецслужбаў.
РР: Гэта, відаць, адбываецца сістэмна?
Сяргей Багукалец: Відавочна, сістэмна. Я ведаю некалькі чарнігаўскіх беларусаў з прабеларускай пазіцыяй, якім таксама ў розныя часы забаранілі ўезд у Беларусь.
РР: А ты будзеш неяк абскарджваць гэтае рашэнне як этнічны беларус, прадстаўнік нашай дыяспары ва Украіне?
Сяргей Багукалец: Як этнічны беларус я абавязкова буду а,скарджваць гэтую забарону ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Кіеве.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі прадстаўнікі беларускай дыяспары атрымліваюць забарону на ўезд у Беларусь. 31 ліпеня 2015 года на прапускным памежным пункце “Новая Гута” беларускія памежнікі забаранілі ўезд епіскаму Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцу Святаславу (Логіну).
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя