Беларускаму палітвязню да 22 гадоў зняволення дадалі яшчэ тры гады
Беларускаму палітвязню да 22 гадоў зняволення дадалі яшчэ тры гады.
Вячаслава Малейчука двойчы за год асудзілі за „злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі”, паведамляюць праваабаронцы.
У лютым суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў яго вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год. Пасля прысуду Малейчука накіравалі з ваўкавыскай калоніі № 11 у папраўчую калонію № 9 у Горкі, вядомую сваім жорсткім рэжымам. Новы суд адбыўся ў жніўні. Суд Горацкага раёна правёў выязное пасяджэнне непасрэдна ў калоніі. Абвінавачаны сваю віну не прызнаў, ад дачы паказанняў адмовіўся. Алена Вераб’ёва дадала да агульнага тэрміну яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.
Сцвярджалася, што Вячаслаў Маляйчук катэгарычна адмаўляўся выходзіць на працу ў першую змену на дрэваапрацоўчы ўчастак калоніі. Напачатку яго змясцілі ў ШІЗА, затым на адзін месяц перавялі ў памяшканне камернага тыпу.
Першы прысуд 37-гадоваму Вячаславу Маляйчуку быў агучаны ў Менскім абласным судзе летась у траўні. Яго асудзілі на 22 гады калоніі строгага рэжыму па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку „падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму”. Але найхутчэй мужчына стаў ахвярай правакацыі сілавікоў.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вячаслава Малейчука палітвязнем.