Беларуская асацыяцыя журналістаў названая лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЭСКА
Беларуская асацыяцыя журналістаў названая лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЭСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у свабоду прэсы. Такое рашэнне 27 красавіка агучыла журы прэміі.

Сусветная прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды прэсы прысуджаецца за садзейнічанне або значны ўнёсак у справу абароны свабоды слова. У лютым 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін — сяброў ЕЗ, вылучылі БАЖ на атрыманне прэміі ЮНЕСКА. Падтрымалі вылучэнне БАЖ і многія журналісцкія арганізацыі свету.
З ліпеня 2021 года офіс БАЖ у Менску застаецца заблакаваным пасля нападу сілавікоў, а рэжым Лукашэнкі пазбавіў арганізацыю рэгістрацыі. Нягледзячы на гэта, БАЖ працягвае працу, застаецца сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.
