Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да ўладаў з адмысловым зваротам



Гэта зварот еднасці – заклік да справядлівасці. Беларуская асацыяцыя журналістаў звяртаецца да ўладаў.

Заклікаюць спыніць так званае “паляванне на ведзьмаў!”. А значыць не праследаваць незалежныя СМІ, якіх не так багата ў Беларусі. Рэдактары, журналісты і публіцысты заклікаюць спыніць крымінальны пераслед прадстаўнікоў медыя, вызваліць калег, вярнуць недзяржаўныя СМІ ў сістэмы друку і распаўсюду, аднавіць доступ да сайтаў і спыніць беспадстаўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў працу СМІ і журналістаў.

Тлумачыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– Гэта зварот, які паказвае, што медыя-супольнасць апелюе да заканадаўства, апелюе да закону. Мы хочам спынення беспакаранасці, спынення вось гэтай самаўпраўнасці, якая адбываецца апошнія месяцы. Мы заклікаем уладу вярнуцца ў прававое поле. Нават нашае заканадаўства, якое вельмі жорсткае, вельмі складанае, якое вельмі моцна крытыкавалася – і нават яно не выконваецца.

Зварот адкрыты, яго падпісалі больш за 150 прадстаўнікоў медыя-сектара. А скіраваны ён у Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Генеральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, МУС і ў Следчы камітэт. Усе тыя структуры, якія павінны сачыць за выкананнем законнасці ў краіне.

Беларускае Радыё Рацыя