Беларуская дыктоўка ў Гародні



У Гародні ў дзень роднай мовы прайшоў шэраг мерапрыемстваў, якія ладзілі дзяржаўныя і грамадзкія ўстановы. Цэнтральным мерапрыемствам традыцыйна сталі дыктоўкі: каля тысячы студэнтаў напісалі дыктоўку ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, а Таварыства беларускай мовы ў „Цэнтры гарадскога жыцця правяла 12-ю агульнанацыянальную дыктоўку.

Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ:

– Дзень роднай мовы, калі глянем на яго з вышыні жыцця, гэта вядома асаблівая часіна, якая не можа не хваляваць. Гэта дзень, калі мы сканцэнтроўваемся сваёй душой на гэтай вялікай і магутнай духоўнай сіле чалавечай, як мова. Канешне гэты дзень асаблівы.

Дыктоўка была прачытана Іванам Буднікам, краязнаўцам і педагогам, сябрам абласной Рады ТБМ. Тэкстам дыктоўкі стала эсэ Уладзіміра Арлова „Незалежнасць – гэта”. Пасля дыктоўкі, у якой удзельнічала больш за восемдзесят чалавек, святочную эстафету прыняў канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча. Кажуць удзельнікі імпрэзы:

– Свята прысягнуў, шчыра наш слынны артыст Зміцер Вайцюшкевіч, які сагрэў аўдыторыю сваімі пяшчотнымі, чыстымі, шчырымі песнямі. Як заўсёды ён ведае, як крануць сэрца слухача.

– Я ведаю некалькі сяброў сваіх, якія магчыма не пайшлі б на дыктоўку, бо на жаль сумная. Таму, што сядзець, пісаць, а тут прыязджае музыка. Прынамсі я ведаю тут пяць чалавек, якія адмыслова ішлі на дыктоўку, каб потым застацца на канцэрт.

У школах горада праходзяць тыдні беларускай мовы, а выдатнікі беларускіх класаў некалькіх школаў атрымалі з рук абласнога кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы адмысловыя падзякі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня