Беларуская інтэлігенцыя за беларускую царкву



Канферэнцыя “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы” цягам двух дзён адбывалася ў Чарнігаве (Украіна). Больш за сотню ўдзельнікаў прыехалі з розных гарадоў Беларусі, а таксама з замежжа.

Кіраўнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архібіскуп Навагрудскі і Паўночнаамерыканскі Святаслаў (Логін) адкрыў канферэнцыю малітвай. Сакратар Дыяцэзіяльнай адміністрацыі Чарнігаўскай епархіі ПЦУ, айцец Раман Кінік, уручыўшы, у прыватнасці, выяву Дубенска-Чарнігаўскай іконы Божай Маці кіраўніку беларускай царквы. Украінскі святар выказаў упэўненасць, што беларуская царква, як і ўкраінская, калі-небудзь дасягне сваёй незалежнасці.

Удзельнікі канферэнцыі заслухалі вітанні, даклады і выступленні гісторыкаў-даследчыкаў па гісторыі праваслаўя ў Беларусі, а таксама пра яе сучасны стан.

Канферэнцыю прывітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

– Шаноўныя ўдзельнікі канферэнцыі, шчыра вітаю вас як Старшыня Рады БНР і як праваслаўная верніца. Праваслаўе ёсць важным складнікам традыцыйнае беларускае культуры. Усходняе хрысціянства больш за тысячагоддзе ўплывала на народныя традыцыі, ментальнасць і светапогляд большасці беларусаў. Апошнія паўтара стагоддзя ўсходняя хрысціянская традыцыя на Беларусі манапалізаваная Расейскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату. Гэтая арганізацыя, нягледзячы на наяўнасць у яе шэрагах шчырых патрыётаў Беларусі, на жаль, была і застаецца адным з асноўных праваднікоў ідэалогіі расейскага шавінізму, духоўным апірышчам русіфікацыі і агентам замежных інтарэсаў у Беларусі. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заўсёды выступала прыхільнікам ідэі беларускае праваслаўнае аўтакефаліі. Мы жадаем поспеху вашаму форуму, і няхай ён паслужыць умацаванню беларускіх незалежніцкіх памкненняў сярод праваслаўных вернікаў-беларусаў.

Свае вітанні таксама даслалі: Рада беларускай інтэлігенцыі, беларусы ЗША і Бельгіі ды інш.

Падчас канферэнцыі была зроблена наступная заява:

„Мы, удзельнікі Канферэнцыі “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”, патрабуем неадкладна аднавіць справядлівасць у дачыненні да ўсіх пацярпелых ад камуністычных рэпрэсій ХХ стагоддзя.

Абсалютна недапушчальна для Беларусі, дзяржавы, якую стварыў беларускі народ, які з’яўляецца хрысціянскім, што тысячы вернікаў і святароў былі бязвінна знішчаны бязбожнай уладай, і гэтыя ахвяры да гэтага часу не атрымалі юрыдычнай рэабілітацыі.

Толькі здзекам з беларускага народа можна растлумачыць як гэты факт, так і закрытасць архіваў, якія захоўваюць інфармацыю пра камуністычныя рэпрэсіі.

Абсалютна недапушчальна ўслаўляць катаў, якія давалі загады на знішчэнне цэркваў, вернікаў, святароў, праз захаванне іх помнікаў і іх імёнаў у назвах мястэчак, вёсак, вуліц нашых гарадоў.

Таму мы патрабуем:

1) адкрыць архівы з інфармацыяй пра камуністычныя рэпрэсіі

2) юрыдычна рэабілітаваць усіх пацярпелых ад камуністычных рэпрэсій ХХ стагоддзя

3) знішчыць памяць пра катаў, якія давалі загады на знішчэнне цэркваў, вернікаў, святароў, а менавіта:

а) перайменаваць мястэчкі, вёскі і вуліцы, названыя у іх імя,

б) дэмантаваць помнікі ў іх гонар.

Асамблея беларускай інтэлігенцыі падтрымала ўкраінцаў у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць украінскай дзяржавы, заклікала падчас перапісу насельніцтва на радзіме пазначаць беларускую мову як родную, падтрымала грамадскую кампанію “Каліноўскі – 2019”, у межах якой будзе пахаваны беларускі нацыянальны герой, паставіла пытанне рэгістрацыі беларускімі ўладамі суполак беларускай царквы. Канферэнцыя заклікае спыніць разбурэнне нацыянальнага некропаля ў Курапатах, дзе пахаваныя ахвяры расейскай акупацыі Беларусі, і падкрэсліла неабходнасць рэабілітацыі святароў і вернікаў, што сталіся ахвярамі савецкіх рэпрэсій.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота siver.com.ua