Беларуская інтэлігенцыя заклікала надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Скарыны



Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, Мінгарвыканкам і Мінгарсавет і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай ад ушанаванні 500-годдзя беларускага кнігадруку.

skorina_0

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Старшыні Савета міністраў Андрэю Уладзіміравічу Кабякову

Шаноўны спадар Старшыня!

«У 2017-м годзе Беларусь будзе адзначаць адну з найважнейшых датаў сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання і беларускай Бібліі.

У сувязі з гэтым просім Вас адзначыць гэтую слаўную дату наступным чынам:

1. Нацыянальнаму аэрапорту Рэспублікі Беларусь надаць імя Францішка Скарыны і ў далейшым называць яго «Нацыянальны аэрапорт імя Францішка Скарыны».

На сённяшні дзень больш за 300 аэрапортаў у свеце носяць імёны найбольш значных для адпаведнай краіны ці рэгіёна асобаў. Так, еўрапейскія аэрапорты праслаўляюць імёны Леанарда да Вінчы (Рым), Марка Пола (Венецыя), Хрыстафора Калумба (Генуя), Галілеа Галілея (Піза), Аляксандра Вялікага (два аэрапорты, у Кавале ў Грэцыі і ў Скоп’е ў Рэспубліцы Македонія), Вольфганга Амадэя Моцарта (Зальцбург), Фрэдэрыка Шапэна (Варшава), Мікалая Каперніка (Уроцлаў), Феранца Ліста (Будапешт), Шарля дэ Голя (Парыж), Антуана дэ Сэнт-Экзюперы (Ліён) і многіх іншых. На наш погляд, да гэтага сузор’я з годнасцю далучылася б такая вялікая асоба беларускай і еўрапейскай культуры, як Францішак Скарына.

2. Ініцыяваць перад урадам Літоўскай Рэспублікі і органамі самакіравання горада Вільні (сёння – Вільнюс) усталяванне сіламі Рэспублікі Беларусь помніка Францішку Скарыну ў цэнтры названага горада.

Свае кнігі ў Вільні Францішак Скарына, ураджэнец горада Полацка, выдаваў у перыяд з 1522 па 1525 год, стаўшы такім чынам першадрукаром Вільні і Вялікага Княства Літоўскага.

3. Ініцыяваць перад урадамі Польшчы, Украіны і Расійскай Федэрацыі і органамі самакіравання гарадоў Кракаў (Польшча), Кіеў (Украіна), Масква (Расійская Федэрацыя) усталяванне сіламі Рэспублікі Беларусь помнікаў Францішку Скарыну ў вышэйназваных гарадах.

Францішак Скарына атрымаў універсітэцкую адукацыю і пачаў шлях да сваёй нацыянальнай і еўрапейскай славы ў старажытным Кракаве. Акрамя таго, ён даў друкаваную кнігу ўсім усходнеславянскім народам: яго дасягненні і здабыткі пазней выкарыстоўваліся выдаўцамі і друкарамі на тэрыторыі сучасных Расіі і Украіны. У Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт

У 2017-м годзе Беларусь будзе адзначаць адну з найважнейшых датаў сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і беларускай Бібліі.

У сувязі з гэтым просім Вас ушанаваць гэтую слаўную дату наданнем імя Францішка Скарыны адной з цэнтральных магістраляў (праспектаў) беларускай сталіцы. На наш погляд, у праспект Францішка Скарыны маглі б быць аб’яднаныя вуліцы Свярдлова і Маякоўскага або Сурганава і Арлоўская. Таксама мог бы разглядацца варыянт аб’яднання вуліц Маскоўскай і Чкалава або вяртання імя Францішка Скарыны галоўнаму праспекту сталіцы Беларусі ад плошчы Незалежнасці і да выезду з горада ў паўночна-ўсходнім напрамку.

У гэтым выпадку назву праспекта Незалежнасці магчыма было б надаць вуліцам Маскоўскай і Чкалава – да плошчы Незалежнасці.

_skaryna_lida

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку

Шаноўны спадар Прэзідэнт,

у 2017-м годзе Беларусь будзе адзначаць адну з найважнейшых датаў сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і беларускай Бібліі.

У сувязі з гэтым просім Вас абвясціць Беларускім Днём Друку 6 жніўня – беручы пад увагу дату выдання Францішкам Скарынам першай кнігі, у якой ужывалася старабеларуская мова.

Да цяперашняга часу ў Рэспубліцы Беларусь Днём друку застаецца 5 траўня, які быў прыняты ў СССР у сувязі з пачаткам выдання Леніным у 1912 г. газеты «Правда». Для краіны з паўтысячагадовай гісторыяй кнігадрукавання такая дата святкавання Дня друку, на наш погляд, з’яўляецца зусім не абгрунтаванай.

    Подпісы пад зваротамі паставілі

Радзім Гарэцкі, акадэмік НАНБ, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі,

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук,

Генадзь Лыч, акадэмік НАНБ, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі,

Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук,

Эдуард Агуновіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябра Беларускага саюза мастакоў,

Міхась Касцюк, акадэмік НАНБ, доктар гістарычных навук,

Георгій Галенчанка, доктар гістарычных навук,

Аляксей Каўка (Масква), доктар філалагічных навук,

Пётр Садоўскі, кандыдат філалагічных навук, першы пасол РБ у Германіі,

Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук,

Арсень Ліс, доктар філалагічных навук,

Мікола Купава, сябра Беларускага саюза мастакоў,

Ірына Лаўроўская, доктар урбаністыкі,

Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук,

Зміцер Санько, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія»,

Мікола Савіцкі, прафесар, кандыдат эканамічных навук,

Ірына Дубянецкая, доктар сакральнай тэалогіі,

Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва,

Віктар Скарабагатаў, прафесар Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны артыст Беларусі,

Алесь Жлутка, кандыдат філалагічных навук,

Кастусь Цвірка, кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларускі кнігазбор»,

Алесь Лявончык, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу, сябра Беларускага саюза тэатральных дзеячаў,

Алесь Лозка, кандыдат філалагічных навук, старшыня Таварыства Беларускай Школы,

Юры Жыгамонт, актор, вядучы праграмы «Падарожжы дылетанта»,

Мечыслаў Грыб, генерал міліцыі ў адстаўцы, Старшыня Вярхоўнага Савета РБ (1994—1996),

Міхась Мушынскі, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі,

Міхась Гурын, доктар гістарычных навук,

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі,

Станіслаў Шушкевіч, член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, Старшыня Вярхоўнага Савета РБ (1991—1994),

Святляна Баранкоўская, старшыня віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў,

Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук,

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны,

Анатоль Верабей, кандыдат філалагічных навук,

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў,

Ніна Стужынская, кандыдат гістарычных навук,

Язэп Янушкевіч, кандыдат філалагічных навук,

Ларыса Гедзімін, кандыдат філалагічных навук,

Леў Казлоў, доктар гістарычных навук,

Эдвард Зайкоўскі, кандыдат гістарычных навук.

Наша Ніва