Беларуская кампанія закупіла ў Кітаі 50 тысяч тэстаў на каронавірус
Беларуская кампанія „ЭНЕРГА-ОІЛ” закупіла ў Кітаі 50 тыс. тэстаў на каранавірус. Медыцынскі груз прыляцеў 8 красавіка праз Стамбул у Нацыянальны аэрапорт Менск і быў перададзены Міністэрству аховы здароўя.
Груз быў дастаўлены з Кітая турэцкай авіякампаніяй Turkish Cargo. Паводле слоў дырэктара „ЭНЕРГА-ОІЛ” Дзмітрыя Паўловіча, галоўнай складанасцю стала не закупка тэстаў, а іх дастаўка ў Беларусь, таму што вываз медыцынскіх вырабаў з КНР забаронены. Вялікую дапамогу тут аказала пасольства Беларусі ў Кітаі.
Акрамя таго, беларуская кампанія набыла ў КНР і рыхтуе да адпраўкі 10 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Хутка таксама павінен быць падпісаны кантракт на закупку 200 тыс. масак-рэспіратараў з узроўнем абароны FFP2 і фільтрацыяй 95 працэнтаў. Прапрацоўваецца набыццё лекавых сродкаў. Агульная сума дапамогі, уключаючы тэсты, складзе каля $1 млн.
Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя Барыса Андрасюка, кошт прыбыўшага з Кітая грузу склаў больш за $430 тыс. „Гэта вельмі здорава. Наша краіна траціць вялізныя грошы, і любая дапамога вітаецца. Тым больш у выглядзе тэстаў”, – адзначыў ён. Гэтыя вырабы будуць раўнамерна размеркаваны па лабараторыях краіны, якія праводзяць дыягностыку метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі.
Як паведамлялася, 1 красавіка ў Менск прыляцеў самалёт з гуманітарнай дапамогай з Кітая. Тады ў Беларусь даставілі больш за 2 тыс. тэстаў на каранавірус, медыцынскія ахоўныя касцюмы, інфрачырвоныя тэрмометры, ахоўныя акуляры, аднаразовыя пальчаткі і бахілы.
Падтрымка Беларусі стала крокам кітайскага боку ў адказ на прысланыя раней у КНР беларускія грузы. „Ініцыятар – кітайскі бок. Калі КНР была ў вельмі цяжкім становішчы, наша краіна аказала гуманітарную дапамогу ў выглядзе двух паўнацэнных самалётаў. Кітай выступіў з ініцыятывай у знак падзякі, у знак дружбы нашых краін і народаў”, – растлумачыў раней Барыс Андрасюк.