Беларуская мова – гэта гарантыя бяспекі і незалежнасці нашай краіны
Заява з такой назвай была прынята дэлегатамі юбілейнага, дваццатага з’езда партыі БНФ, і шаснаццатага з’езда Беларускага народнага фронту „Адраджэнне”. У заяве сказана, што немагчыма развіццё Беларусі як незалежнай, самадастатковай краіны без моцнай сувязі беларусаў з нацыянальнымі каштоўнасцямі, дзе асноўнай каштоўнасцю нацыі з’яўляецца мова.
Кажа намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Для таго, каб Беларусь сапраўды стала заможнай, свабоднай, незалежнай і бяспечнай, трэба правесці цэлы комплекс розных мерапрыемстваў, і ў тым ліку аднаўленне беларускіх СМІ, беларускай царквы. Аднаўленне і стымуляцыя беларускага бізнэсу, аднаўленне беларускай мовы, школы, універсітэта.
Мы адмыслова заклікалі ўсе сферы беларускага грамадства больш пільна і больш эмацыйна карыстацца беларускай мовай як у сферы ўласнай камунікацыі, так і ў сферы бізнэсу і палітыкі.
Злачынная палітыка Лукашэнкі на знішчэнне ўсяго нацыянальнага, загнанне ў кут беларускай дзяржаўнай мовы здавалася магла цешыцца перамогай. Але паўсталі ў час мірнага гневу грамадзянаў нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг, герб „Пагоня”. Цяпер задача за большым – вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай як асновы нацыянальнай бяспекі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя