„Беларуская мова павінна выступіць асноўным фактарам кансалідацыі нацыі”



Беларуская мова павінна выступіць асноўным фактарам кансалідацыі нацыі, заявіў 12 чэрвеня на круглым стале ў Менску Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ).

„Нацыянальная мова з’яўляецца неад’емным атрыбутам незалежнасці краіны, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага досведу, — сказаў навуковец. — Таксама вельмі важны аспект нацыянальнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы сказаў: „Страцім мову — страцім нацыю, страцім нацыю — страцім дзяржаву”. Безумоўна, без нацыянальнай мовы не можа існаваць нацыя”.

Паводле слоў Капылова, гісторыя Чэхіі і Балгарыі — яскравае сведчанне таго, што нацыянальная мова з’яўляецца фактарам адраджэння нацыі. „У той жа час гісторыя паказала, што многія нацыі знікалі не ў выніку войнаў, стыхійных бедстваў або эпідэмій, а менавіта з-за таго, што не змаглі захаваць свае адметныя рысы і непаўторнасць, асіміляваўшыся сярод іншых народаў”, — сказаў ён.

Прадстаўнік НАНБ зачытаў каля дзясятка абразлівых каментароў, пакінутых інтэрнэт-карыстальнікамі на форумах беларускіх сайтаў, у якіх нацыянальную мову называлі мёртвай, штучнай, адводзілі ёй ролю сродку камунікацыі неадукаваных жыхароў глыбінкі і нізкіх слаёў насельніцтва.

„З аднаго боку, здаецца, варта не звяртаць на гэта ўвагі, а рабіць сваю справу. Але, з іншага боку, ёсць тыя, на каго такія словы ўплываюць, асабліва гэта тычыцца маладога пакалення. Таму перад намі і дзяржавай стаіць сур’ёзная задача — весці вялікую і планамерную працу не толькі па захаванні, але і па папулярызацыі беларускай мовы”, — падкрэсліў вучоны.

Практычна пакінуўшы сельскую мясцовасць, якая стагоддзямі захоўвала беларускую моўную спадчыну, нацыянальная мова стала атрыбутам горада. Паводле слоў Капылова, сёння яна прадстаўлена „ў інтэрнэце, сакральнай сферы, маладзёжным асяроддзі, бізнесе і рэкламе”, але ў недастатковай ступені — „у справаводстве, заканатворчасці, сферы вышэйшай адукацыі”. „Над гэтым трэба працаваць, таму што гэта вельмі важна для захавання нацыі і яе кансалідацыі. Мова павінна выступіць асноўным фактарам кансалідацыі нацыі”, — адзначыў ён.

„Не трэба баяцца за рускую мову і ўспрымаць развіццё беларускай як дыскрымінацыю рускай мовы. За рускай мовай стаіць вялікая дзяржава і вялікая культура. А нашу беларускую спадчыну, акрамя нас саміх, ніхто абараніць не зможа”, — падкрэсліў дырэктар Інстытута мовазнаўства.

belapan.by