Беларуская мытня атрымала новыя сродкі для пошуку наркотыкаў і выбухоўкі
Арсенал з 49 сродкаў для мытнага кантролю тавараў атрымала 16 траўня айчынная мытня ад урада Кітаю ў якасці тэхніка-эканамічнай дапамогі. Гэтыя сродкі павінны дапамагчы хутчэй праходзіць мытны кантроль і павялічыць якасць працэсу. Выкарыстоўваць новае абсталяванне пачнуць у найбліжэйшы час, і гасцей II Еўрапейскіх гульняў будуць сустракаць ужо з ім, паабяцалі ў транспартна-лагістычным цэнтры “Мінск Белмытнясервіс-2”.
Мабільны інспекцыйна-даглядны комплекс (ІДК), дзевяць сістэм інспекцыі багажу з функцыяй аўтаматычнага вызначэння наркотыкаў і выбухоўкі, 33 перанасныя і шэсць настольных дэтэктараў выяўлення слядоў небяспечных рэчываў. Гэта самая вялікая партыя абсталявання ад кітайскай кампаніі Nuctech, прадукцыя якой выкарыстоўваецца ў 130 краінах свету і добра вядома беларускім мытнікам, што паступіла ў нашу краіну.
Штогод у Беларусі сканіруеца каля 40 тысяч грузавікоў і 150 тысяч чыгуначных вагонаў. З дапамогай новага ІДК можна будзе ажыццяўляць мытны кантроль тавараў без ускрыцця транспарту і пашкоджання ўпакоўкі. Сканіраваць змогуць 20-25 аўто ў гадзіну. А перанасны дэтэктар дазволіць за 8 секунд выявіць сляды наркотыкаў на адзенні ці скуры.