Беларуская нацыя сфармавалася – тут не можа быць дыскусіі



V-я Міжнародная канферэнцыя „Нацыя падчас крызісу” пачалася з дыскусіі „Феномен беларускай нацыі: досвед інтэлектуальнага асэнсавання пасля 2000 года”.

Як падкрэслівае філосаф Валянцін Акудовіч, у спрэчках пра феномен беларускай нацыі – ёсць яна ці яшчэ не сфармавалася – аналітыкі і навукоўцы прапускаюць адзін надзвычай важны момант.

„За апошнія тысячу год існавання нашых продкаў на гэтых землях мы ніколі не мелі сваёй дзяржавы, сваёй як такой. Беларусы былі заўсёды ў нейкіх супольных геапалітычных канструкцыях з кімсьці: ці то ВКЛ, ці то Рэч Паспалітая, ці то Расейская імперыя, ці то СССР. Зараз жа беларус засынае і прачынаецца ў сваёй краіне, гэта і ёсць галоўная адзнака існавання нацыі”, – лічыць Валянцін Акудовіч:

– Рэч у тым, што дзяржава створана, махавік запушчаны, само існаванне дзяржавы робіць і грамадства і нацыю, дашліфоўвае і даводзіць да ладу. Адзінае, што трэба будзе рабіць, калі будзе небяспека дзяржаве, тады штосьці трэба будзе рабіць, а зараз проста ствараць.

Філосаф Ігар Бабкоў кажа, што камусьці можа падабацца ці не падабацца вынік нацыятворчага працэсу, але існаванне нацыі беларусаў як такой ужо ёсць фактам:

– Беларуская нацыя адбылася, апошнія 3-4 гады мы гэта адчуваем не толькі розумам, а інтуіцыяй і падкоркай, усім сваім жыццём. Нацыя адбылася, як рэальны факт, што б мы пра гэта не думалі, як бы мы не ацэньвалі гэты факт альбо тую форму, якую яна прыняла ў гэтым свеце.

Канферэнцыя „Нацыя падчас крызісу” арганізавана Інстытутам „Палітычная сфера”. Цягам двух дзён даследчыкі паспрабуюць прааналізаваць развіццё нацыі як культурнай і палітычнай супольнасці пад уплывам эканамічнага крызісу і новых геапалітычных выклікаў.

Беларускае Радыё Рацыя