Беларуская сталіца падчас каронавірусу
Да гэтага часу атрымаць афіцыйную інфармацыю пра канкрэтную колькасць хворых, памерлых і тых, хто ачуняў, менавіта ў Менску атрымаць немажліва. Да акцый у падтрымку сталічных медыкаў далучаюцца міліцыянеры і настаўнікі.
Актуальны стан мераў і падзей на сёння, 16 красавіка, у беларускай сталіцы прадставіла наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
– У Беларусі правядуць конкурс «Антывірус – 2020». Арганізатар – кампанія «Белпатэнтсэрвіс прапануе беларусам распрацаваць свае, даступныя да патэнтавання, варыянты шматразовых медычных масак.
Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» ў Менску прыступіў да вырабу кампанентаў, неабходных для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Экстраная патрэба ў спецыяльных клапанах Вентура складае больш за тысячу камплектаў.
Самалётам у Нацыянальны аэрапорт Менск дастаўлены груз з Кітая з адным дзясяткам тысяч тэст-сістэмаў для дыягностыкі каронавірусу.
На працягу месяца ўрад мае намер прадставіць ільготы для турыстычнай галіны, што пацярпела ад эпідэміі каронавірусу. Акрамя гэтага разглядаецца прапановы па падтрымцы арандатараў дзяржаўнай маёмасці, прынамсі ўвядзенне адтэрміноўкі для арандатараў і мараторый на павышэнне базавай арэнднай велічыні. Адмяняць чэмпіянат Беларусі па футболе не плануюць.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск