Беларуская традыцыйная вёска няўхільна памірае



Найбольш гэта заўважна на поўначы Беларусі, напрыклад, у Расонскім раёне, які мае найменшую шчыльнасць насельніцтва ў краіне. У мясцовых вёсках ужо жывуць адзінкавыя жыхары. Вёскі, якія месцяцца ў маляўнічых мясцінах ператвараюцца ў дачныя пасёлкі.

Пра тое, як знікае карэннае насельніцтва ў вёсках у ваколіцы возера Нешчарда, кажа 80-гадовая жыхарка вёскі Люцькава Роза Кірылаўна Жаркова:

– У вёсцы толькі старыкі жывуць. Карэнных жыхароў – 3-4 сям’і. Летам пераважна дачнікі жывуць – і з Віцебска, і з Полацка, і нават з Расеі. Вось гэты бок вёскі – усе дачнікі. У суседняй вёсцы Мурагі жыве толькі адна жанчына. Адны старыкі застаюцца. Калі старыкі паміраюць – вёска пусцее. Як страшна, што вёскі паміраюць.

Роза Кірылаўна Жаркова нарадзілася ў Люцькаве, скрончыла школу і з’ехала працаваць у Наваполацк, а як выйшла на пенсію – вярнулася ў родную вёску. І з таго часу ўжо пахавала 50 аднавяскоўцаў. Нягледзячы на свой сур’ёзны узрост, яна па-ранейшаму трымае гаспадарку, бо інакш не ўяўляе сваё жыццё ў роднай хаце.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя