Беларуская вёска няўхільна памірае
Сельская гаспадарка і вёскі ў Беларусі ў абсалютнай бальшыні знаходзяцца ў непрывабным, мякка кажучы, стане. Вясковая моладзь уцякае ў горад ці з’язджае на працу за мяжу. Адсутнасць працы, малыя заробкі і дрэнныя побытовыя ўмовы не прывабліваюць маладых і здаровых людзей. Не выратавалі вёскі і аграгарадкі, у якія ўбуханы вялізарныя дзяржаўныя грошы. Адным словам, вёска не жыве, а выжывае, кажа былы галоўны калгасны эканаміст і былы ўладальнік вялікай дапаможнай гаспадаркі з Малой Сваротвы пенсіянер Іван Афанасік:
– Зарплаты малыя, некаторым няма працы на поўны дзень, а многія зусім без працы. А ўласнай справай займацца – для гэтага патрэбны грошы.
Сам Іван Афанасік не вытрымаў барацьбы за сваю справу з мясцовым і раённым начальствам. Таму скараціў да мінімуму сваю дапаможную гаспадарку. Так зрабіў не толькі ён, са скрухай гаворыць вясковец:
– Раней большасць вяскоўцаў займалася ўласнай гаспадарнай. У кожным двары была карова, а то і дзве, было шмат свіней. Ну а цяпер гэта праблемна.
Паводле Івана Афанасіка, праблема ў адсутнасці свабоды. Дзяржава не дапамагала заможным гаспадарам, а ставіла палкі ў колы. Вынік навідавоку. І пры цяперашняй уладзе сумніўна, што зменіцца становішча ў вёсцы ў лепшы бок. Доўгі час патрэбен для ўзнаўлення нават таго, што было ў сельскай гаспадарцы на пачатку 90-х, калі людзі схапіліся за зямлю.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя