Беларуская ёлка ў гарадзенскім дзіцячым садку



Таварыства беларускай мовы прыняло ўдзел у беларускай ёлцы для дашкольнікаў, якія выхоўваюцца па-беларуску ў гарадзенскім дзіцячым садку нумар 45. Да імпрэзы рыхтаваліся не толькі сябры арганізацыі, якія падаравалі кожнаму дзіцяці па кніжцы-казцы, але і самі выхаванцы садка. За ёлкай назіралі некаторыя бацькі дзвюх беларускіх групаў садка, якім калядная дзея, арганізаваная сябрамі Таварыства беларускай мовы, вельмі спадабалася. Кажа Юры Седзянеўскі, бацка выхаванца Косціка.

– Вельмі файная атрымалася імпрэза, асабліва калі святы скончыліся: для дзяцей гэта быў добры сюрпрыз. Баба Яга такая каларытная, і калядоўшчыкі, і Каза такая ж вясёлая, і Мішка разумны, з загадкамі. Было вельмі прыемна гэта бачыць. Таксама прыемна, што розныя супольнасці вось так аб’ядноўваюцца і падтрымліваюць адзін аднаго ў беларускай культуры.

На імпрэзе быў таксама пісьменнік і аніматар Міхась Зязюк з Наваградка. Ён, апрача выступу, як аніматар падараваў дзеткам уласныя падарункі, а ўсяму садку – сваю кніжку. Кажа сам аўтар:

Гэта кніжка называецца «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя». Яна выйшла ў 2012 годзе ў выдавецтве «Галіяфы». Кніга трапіла ў спіс 10 лепшых дзіцячых кніг. Яна ўвогуле менавіта для такіх вось дзетак, каб тыя ведалі, што такое прырода, як жывуць розныя жывёлы, як трэба любіць гэтую прыроду, як трэба сябраваць.

Галоўная задача Таварыства беларускай мовы і яе сяброў у падобных імпрэзах – падтрымаць святочны настрой беларусаў, якія шануюць родную, беларускую мову, а асабліва падтрымаць самых маленькіх, якія толькі пачынаюць сваё жыццё як беларусы. За святы сябры арганізацыі павіншавалі самых малых дзяцей усіх навучальных установаў Гародні, дзе навучальны працэс вядзецца па-беларуску, а гэта сярэднія школы 32 і 34, а таксама садкі нумар 65 і 45.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня