Беларускі альпініст, які знік на Эльбрусе, загінуў (абноўлена)
Беларускі альпініст, які сарваўся 17 ліпеня ў гарах Кабардзіна-Балкарыі, знойдзены мёртвым, паведамляе ТАСС са спасылкай на кіраўніка прэс-службы ўпраўлення МНС Расеі па рэгіёне Кантэміра Берава.
„Па стане на 15.00 маскоўскага часу пошукава-выратавальныя працы ў Чарэкскім раёне Кабардзіна-Балкарыі прыпыненыя ў сувязі з дрэннымі ўмовамі надвор’я, цела зніклага напярэдадні альпініста выявілі на вышыні каля 4,1 тысячы метраў. Для яго транспарціроўкі ў чацвер будзе прыцягнуты верталёт МНС”, — сказаў Бераў.
У пошуках удзельнічалі восем супрацоўнікаў Эльбрускага высакагорнага пошукава-выратавальнага атрада і верталёт МНС Расіі.
Інфармацыя аб надзвычайным здарэнні паступіла ратавальнікам 17 ліпеня каля 20.40 па маскоўскім часе. Паведамлялася, што група альпіністаў з пяці чалавек з Беларусі рабіла ўзыходжанне на гару Укю (вышыня больш за 4,3 тысячы метраў), размешчаную ў Безенгійскай цясніне (Чарэкскі раён). Пры спуску на вышыні каля 4,1 тысячы метраў у бок ледніка адзін з альпіністаў сарваўся, пошукі вяліся як пешым парадкам, так і з верталёта.