Беларускі Чырвоны Крыж пачаў збор гуманітарнай дапамогі для ахвяраў вайны ва Украіне
Беларускі Чырвоны Крыж пачаў збор гуманітарнай дапамогі для ахвяраў вайны ва Украіне. Арганізацыя прымае як рэчы, так і грошы на адмысловым рахунку. Частку сабранага плануюць перадаваць у Міжнародны офіс, які займаецца дапамогай непасрэдна ва Украіне. Таксама атрымліваюць неабходную падтрымку тыя бежанцы, хто апынуўся ў Беларус. Па афіцыйных дадзеных, такіх ужо амаль 700 чалавек.
Валанцёрка Чырвонага Крыжа Наталля Савіцкая агучыла спіс рэчаў першай неабходнасці:
– Больш за ўсё патрабуецца рэчаў для дзяцей. Гэта і рэчы, і адзенне. Канешне, па магчымасці лепш, каб яно было новае. Але, калі ў вас няма такой магчымасці, рэчы павінны быць у добрым стане. Падгузнікі ўсіх памераў, ад нуля да шасці, дзіцячыя пялёнкі, пластыкавы посуд, дзіцячае харчаванне, сухое дзіцячае харчаванне, разнастайныя сумесі, кашы, пасцельныя і прыналежнасці для душа, сродкі асабістай гігіены, бытавая тэхніка, адзенне для дарослых і дзяцей, для дзяцей – ад нуля да чатырнаццаці гадоў.
У кіраўніцтве Чырвонага Крыжа паведамляюць, што на ўсіх памежных пераходах на Гомельшчыне арганізацыя разгарнула адмысловыя мабільныя пункты, дзяжураць валанцёры.
Беларускае Радыё Рацыя